У Музэі-сядзібе Дзяржавіна ў Санкт-Пецярбургу 15 лістапада адчыняецца выстава, прысьвечаная сувязям Янкі Купалы з гэтым горадам і рускай літаратурай.
Выставу падрыхтаваў Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы. Яна прадоўжыцца амаль месяц — да 17 сьнежня.
Санкт-Пецярбург пачатку ХХ стагодзьдзя быў горадам вучобы і творчага станаўленьня Купалы, адным з цэнтраў беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Паэт жыў і вучыўся ў гэтым горадзе ў 1909-1913, там пабачылі сьвет яго першыя зборнікі, адбылася другая пастаноўка «Паўлінкі».
У экспазыцыі прадстаўленыя выданьні першага беларускага легальнага выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», сярод якіх творы Янкі Купалы, у тым ліку яго першы зборнік «Жалейка» (1908), з моманту выданьня якога споўнілася 110 гадоў. Унікальныя дакумэнты лідэраў беларускага адраджэньня прафэсара Браніслава Эпімах-Шыпілы, этнографа Антона Грыневіча, Вацлава Іваноўскага, Алаізы Пашкевіч.
Сярод экспанатаў выставы эскізы сцэнічных касьцюмаў, створаныя заснавальнікам беларускай сцэнаграфіі Оскарам Марыксам. У разьдзеле, прысьвечаным сувязям Янкі Купалы з расейскай літаратурай, асаблівы акцэнт зроблены на найбольш знакавых купалаўскіх перакладах: «Слова пра паход Ігараў», «Медны коньнік» Аляксандра Пушкіна.
На выставе ў Пецярбургу будуць паказаныя асабістыя рэчы Янкі Купалы, а таксама прадметы з нумара гасьцініцы «Масква», дзе прайшлі апошнія дні жыцьця паэта.