Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі лічыць, што Эўразійскі эканамічны саюз (ЭАЭС) пакуль ня стаў рэальнасьцю. Гэтую заяву ён зрабіў, выступаючы на парлямэнцкіх слуханьнях «Прававыя і практычныя асновы паляпшэньня інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі».
На думку Варанецкага, дагэтуль у ЭАЭС няма «адзіных палітык» у галіне эканомікі і фінансаў, узьнікаюць бар’еры і абмежаваньні. Вытворцы ў Беларусі не заўжды могуць без перашкод прадаваць сваю прадукцыю на тэрыторыі саюзу, а супрацоўнікі гэтай міжнароднай арганізацыі больш займаюцца пратэкцыянізмам сваіх эканомік, чым агульнымі справамі. Таму, лічыць старшыня міжнароднай камісіі, ЭАЭС можа быць пастаўлены пад пагрозу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Портнікаў: Да Лукашэнкі ў сьвеце будуць ставіцца сур’ёзна, калі Беларусь выйдзе з АДКБ і ЭАЭСВалеры Варанецкі закрануў і дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам. На яго думку, пры наяўнасьці пэўнага прагрэсу ёсьць і значныя перашкоды. Галоўная зь іх — Беларусь да гэтага часу ня мае базавага пагадненьня з Эўразьвязам. Тады як многія краіны Эўропы лічаць, што Беларусь не зьяўляецца пэрспэктыўнай для накіраваньня туды інвэстыцый — найперш праз высокую ступень умяшаньня дзяржавы ў справы бізнэсу.