Чэхія адмовілася падпісваць міграцыйнае пагадненьне Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Такое рашэньне было прынятае на пасяджэньні чэскага ўраду ў сераду.
Кабінэт міністраў адзначыў, што ў дакумэнце няма выразнага разьмежаваньня паняцьцяў легальнай і нелегальнай міграцыі.
ААН плянуе прыняць «Сусьветны пакт за рэгуляваную міграцыю» у сьнежні 2018 году на канфэрэнцыі ў Марока. Ён зьмяшчае шэраг захадаў, неабавязковых для выкананьня. У прыватнасьці, у дакумэнце прапануецца выдаваць уцекачам дакумэнты ў выпадку іх адсутнасьці, а таксама забясьпечваць доступ мігрантаў да сацыяльнай дапамогі.
У сьнежні летась ад удзелу ў міграцыйным пагадненьні ААН адмовіліся ЗША. У Вашынгтоне заявілі, што некаторыя дырэктывы пакту ідуць уразрэз зь міграцыйнай палітыкай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
У ліпені прыклад ЗША пераняла Вугоршчына. Прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан заявіў, што дамова заахвочвае міграцыю і зьяўляецца небясьпечнай для міру ў Вугоршчыне. Пазьней ад удзелу ў пагадненьні адмовіліся Аўстрыя і Аўстралія.