Адразу 11 чалавек асудзіў Ленінскі раённы суд Менску за махлярства з аўтамабільнымі страхоўкамі. Гэта другі суд у справе, у якой, паводле Сьледчага камітэту, фігуруе ажно 36 чалавек. Сямёра зь іх, жыхары Салігорскага раёну, да суду былі пад вартай.
Новыя прысуды больш мяккія
Суд над першай групай махляроў адбыўся ў Ленінскім райсудзе ў сакавіку.
Цяпер адзін з асуджаных Віталь Ляўданскі атрымаў яшчэ 3 гады, агулам ён асуджаны на 3,5 года зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці.
Іван Раманеня і Павал Лобан, якіх узялі пад варту проста ў судзе, атрымалі па 2 гады зьняволеньня без канфіскацыі маёмасьці. І гэта самыя суровыя прысуды. Астатнія фігуранты, у асноўным маладыя людзі ўзростам ад 20 да 30 гадоў, асуджаныя на 2 гады з адтэрміноўкай на такі ж тэрмін.
«Ці будзе ваш падабаронны абскарджваць прысуд?» — пацікавіўся карэспандэнт Свабоды ў абаронцы падсуднага, якога ўзялі пад варту ў судовай залі.
«Яшчэ ня ведаю, не кантактаваў з падабаронным. Але бацькі мяркуюць, наўрад ці. Усім далі мінімум таго, што прадугледжвае закон. Дык чаго абскарджваць?» — быў адказ.
У чым было махлярства?
Справу расьсьледавалі супрацоўнікі ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менскай вобласьці. Паводле сьледзтва, з высновамі якога пагадзіўся суд, махляры дзейнічалі традыцыйна — інсцэнавалі дарожна-транспартныя здарэньні праз наўмыснае нанясеньне аўтамабілям пашкоджаньняў, потым ілжэсьведчылі, падавалі ў страхавыя фірмы фіктыўныя даведкі. Усё дзеля таго, каб атрымаць немалыя грошы па дамовах аб аўтамабільным страхаваньні.
Злачынствы адбываліся цягам 2012–2016 гадоў на тэрыторыі Менскай вобласьці. Сярод аўтамабіляў, задзейнічаных у махлярстве, былі і дарагія мадэлі — BMW X5, BMW 525, Volvo S60 ды іншыя. Агульная сума стратаў перавысіла 200 тысяч рублёў.
Прысуды ў сакавіцкім працэсе ў справе аб масавым махлярстве з аўтамабільнымі страхоўкамі былі больш жорсткія. Тады на лаве падсудных апынуліся 17 чалавек, зь іх 2 асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, аднаго на 5,5 года зьняволеньня, а астатнім далі ад 1 году да 3,5 года. Тады толькі 6 падсудным суд даў адтэрміноўку ад выкананьня прысуду на 2 гады.
Працэсы аб махлярстве з аўтамабільнымі страхоўкамі — частая зьява ў судовай практыцы Беларусі. У 2016 годзе ў Гродне ў падобнай справе былі асуджаныя 25 чалавек, у тым ліку некалькі жанчын. У паведамленьнях пра справу адзначалася, што ўсе яе фігуранты былі зьвязаныя паміж сабой сяброўствам альбо сваяцкімі сувязямі.