Андрэя Кабякова, які чатыры гады займаў пост прэм’ер-міністра, абралі ў склад рады дырэктараў «Белгазпрамбанку». Ён будзе працаваць незалежным дырэктарам, паведамляе сайт банку.
На пачатку кастрычніка Кабякоў прайшоў ацэнку спэцыяльнай камісіі Нацбанку на адпаведнасьць кваліфікацыйным патрабаваньням і патрабаваньням да дзелавой рэпутацыі. Тады былога прэм’ера рэкамэндавалі на пасаду былы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі і былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўрал Латыпаў.
Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў Маскве, але з трох гадоў жыве ў Беларусі. Мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Працаваў намесьнікам начальніка службы кантролю прэзыдэнта, старшынём Камітэту дзяржкантролю. Са сьнежня 2014 году да жніўня 2018-га Андрэй Кабякоў узначальваў урад.
Разам з Андрэем Кабяковым 18 жніўня Лукашэнка адправіў у адстаўку амаль усіх кіраўнікоў ураду. Выключэньнем стаў Міхаіл Русы, які захаваў сваю пасаду. Ва ўрадзе ён займаецца сельскай гаспадаркай.
Кабякоў быў прэм’ерам ад 27 сьнежня 2014 году, да таго два з паловай гады кіраваў Адміністрацыяй прэзыдэнта, займаў урадавыя пасады ад 2000 году, у тым ліку паўтара года быў міністрам эканомікі (2002–2003).
У жніўні Аляксандар Лукашэнка накрычаў на чыноўнікаў, раскрытыкаваў урад, які тады ўзначальваў Кабякоў, за «пафігічнае» стаўленьне да ягоных указаньняў. Затым ён прызначыў новага прэм’ера і віцэ-прэм'ераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьехаў у Расею, спрабаваў пазбавіць Лукашэнку пасады. Чым займаліся прэм’ер-міністры пасьля адстаўкі