Расейскія ўлады афіцыйна пракамэнтавалі сустрэчу з прадстаўнікамі руху «Талібан», якая адбылася ў Маскве 9 лістапада, калі кіраўнік Міністэрства замежных спраў Сяргей Лаўроў прымаў афіцыйную дэлегацыю талібаў на чале з Шэрам Махамадам Абасам Станікзаем.
Замір Кабулаў, спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі па Аўганістане, патлумачыў сустрэчу расейскіх дыпляматаў з талібамі некалькімі фактарамі:
- тым, што ў гэтым рэгіёне «на кану стаяць нацыянальныя інтарэсы Расеі»;
- тым, што талібы патрабуюць вываду войскаў NATO з тэрыторыі краіны;
- і тым, што Расея гатовая замест ЗША заняцца ўрэгуляваньнем сытуацыі ў рэгіёне.
Афіцыйна рух «Талібан» прызнаны ў Расеі экстрэмісцкім і забаронены, аднак з 2016 году экспэрты і крыніцы паведамлялі, што Расея аднавіла кантакты з талібамі. Год таму дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан абвінаваціў Крэмль у тым, што той пастаўляе талібам зброю, і тады Сяргей Лаўроў заявіў, што «Талібан — гэта тая сіла ў Аўганістане, зь якой трэба лічыцца» і фактычна прызнаў легітымнасьць гэтай структуры.
Паводле Кабулава, з 2001 па 2018 год частка тэрыторыі, якую ў Аўганістане кантралююць талібы, вырасла з 0% да 60%.
«ЗША мелі дастатковую ўплыў, 17 гадоў, каб зрабіць вельмі шмат з таго, што першапачаткова задумвалася. Але што гэта за прысутнасьць ЗША і NATO, якая не вырашае праблему, а спрыяе яе разрастаньню? Такое лідэрства нам ня трэба», — заявіў ён.
Ён таксама адзначыў, што аўганскі ўрад патрабаваў правесьці наўпроставыя перамовы з «Талібанам» у Маскве, але талібы пакуль адмовіліся гэта рабіць. Затое, паводле ягоных слоў, талібы гатовыя весьці перамовы з ЗША аб вывадзе замежных войскаў з Аўганістану.
Кантынгент ЗША ў Аўганістане сёньня складае каля 11 тысяч чалавек. У 2012 годзе ён складаў больш за 33 тысяч чалавек. Акрамя гэтага, у Аўганістане таксама знаходзіцца кантынгент NATO.
Пасьля прыходу да ўлады ў 2016 годзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША мяняюць сваю стратэгію ў Аўганістане. Паводле ягоных слоў, гаворка не ідзе аб поўным вывадзе амэрыканскіх войскаў з краіны, але ЗША больш ня будуць будаваць дэмакратычнае грамадзтва ў Аўганістане, а будуць проста «забіваць тэрарыстаў».