Завяршыўся юбілейны Менскі міжнародны кінафэстываль «Лістапад» — самы скандальны за ўсе свае 25 сэзонаў. Навацыя Міністэрства культуры — адмовіцца ад паслуг дырэкцыі і самому займацца адборам удзельнікаў нацыянальнага конкурсу — ставіць пад пытаньне статус усёй імпрэзы.
Аб пэрспэктывах кінаіндустрыі ў Беларусі мы пагаварылі з маладой рэжысэркай Марай Тамковіч. Нечакана нават для многіх кіназнаўцаў яе фільм «Дачка» стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу ў намінацыі «Гульнявое кіно». Для яе гэта першы фэстываль такога ўзроўню, на якім яна паказала свой дэбютны фільм і адразу атрымала ўзнагароду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лістапад» назваў пераможцаў. Як адабʼецца ўмяшаньне Міністэрства культуры на статусе кінафэстывалюАдсутнасьць акрэдытаванага фэстывалю — гэта існаваньне па-за кінэматаграфічным кантэкстам
Падчас цырымоніі ўганараваньня, акрамя традыцыйнай падзякі сваёй камандзе, рэжысэрка ўдакладніла: «Дачка» зьнятая за межамі Беларусі на дзяржаўныя польскія грошы. Але пры гэтым — у абсалютнай творчай свабодзе. І выказала спадзяваньне, што неўзабаве і ў Беларусі можна будзе здымаць кіно менавіта так.
— Яшчэ да пачатку кінафэстывалю многія кінакрытыкі ўпэўнена называлі безальтэрнатыўнага фаварыта — «Крышталь» Дар’і Жук, беларускага кандыдата на прэмію «Оскар». І вось такое рашэньне журы...
— Шчыра кажучы, для мяне самой гэта была вялікая нечаканасьць. Ня ведаю, як там былі «раздадзеныя» прызы кулюарна, але я таксама думала, што ў такой сытуацыя няма і гаворкі пра нейкую канкурэнцыю. Безумоўна, было прыемна, што міжнароднае журы вырашыла адзначыць маю працу з фармулёўкай заахвочваньня — з надзеяй на тое, што атрымаецца поўнамэтражны дэбют менавіта тут, у Беларусі.
Калі казаць пра вынік, мне здаецца, ад пачатку былі пытаньні да сьпісу ўдзельнікаў нацыянальнага конкурсу. Бо побач і «Крышталь», і кароткамэтражныя студэнцкія работы, і, умоўна кажучы, зьнятыя на мабільны тэлефон. Верагодна, справа ў рэглямэнце: у галоўным конкурсе мусяць быць прэм’ерныя паказы. Арганізатарам вельмі не хацелася абысьці ўвагай «Крышталь», таму ён знайшоў сабе месца ў нацыянальным конкурсе. Будучы стужкай, якая знаходзіцца ў крыху іншай вагавай катэгорыі, чым усе іншыя.
— Атрымаўшы міжнародны статус, беларускія арганізатары цяпер ставяць «Лістапад» у адзін шэраг з Бэрлінам, Вэнэцыяй, Канамі ды іншымі топавымі кінафэстывалямі. Наколькі гэта карэктна?
— Фэстывалі ва ўсім сьвеце растуць як грыбы, іх тысячы. Але акрэдытаваных ня так шмат, крыху больш за 50. З майго гледзішча, вельмі істотна для краіны, каб была хоць адна такая імпрэза. Мы не гаворым пра тое, што прыехаць у Менск і паказаць прэм’ерную стужку гэтак жа прэстыжна, як у швайцарскім Лакарна. Але калі няма ніводнага фэстывалю, акрэдытаванага FIAPF, гэта ўжо неіснаваньне на фэстывальнай мапе ў прынцыпе.
Вядома, сярод акрэдытаваных ёсьць больш і менш прэстыжныя. Падобныя пытаньні ёсьць да Варшаўскага кінафэстывалю, які таксама мусіць канкураваць за прэм’ерныя паказы з Канамі ці Бэрлінам. І ён канкурэнцыю прайграе, бо сапраўды цяжка.
Таму ня думаю, што варта казаць «Ой, зусім ня важны, лякальны», — гэта ня так. Акрэдытацыя істотная і для імпрэзы, і для краіны.
Асабіста мне было цікава. Ня склалася з гульнявым кіно, затое паглядзела некалькі дакумэнтальных стужак. Крутыя фільмы, прыемна, што даехалі да Беларусі.
З пэўным «але» — фактычна гэта адзіная пляцоўка, дзе можна паглядзець беларускае кіно. Я тым скарысталася і цяпер маю лепшае ўяўленьне, што адбываецца ў тутэйшым кінэматографе.
Чыноўнікі дзейнічаюць на апярэджаньне — шукаюць крамолу там, дзе яе не існуе
— Скандалам № 1 сёлетняга «Лістападу» стала навіна пра выключэньне чальцоў дырэкцыі са складу экспэртнай камісіі Міністэрства культуры. У адказ на гэта падчас цырымоніі закрыцьця журы кінапрэсы Fipresci агучыла салідарную пазыцыю: дзяржаўная цэнзура недапушчальная. Відаць, мала дзе такое здаралася...
— У Беларусі нічога ўжо не зьдзіўляе. Гэта нам здаецца відавочным, што нельга секчы сук, на якім сядзіш, а насамрэч усё складаней. Ня хочацца, каб гучала ў стылі «Ну вы сами всё понимаете», але трэба разумець, у якіх рэаліях мы жывём. Фэстываль фінансуецца ў тым ліку Мінкультам, і гэта нармальна — дзяржпадтрымка самай буйной кінэматаграфічнай імпрэзы. Падобным чынам адбываецца ў той жа Польшы, і ня толькі. Ня думаю, што безь дзяржаўнай падтрымкі ўдалося б дасягнуць такога маштабу.
Таму асабіста я спадзяюся, што чыноўнікі ўсё ж пераасэнсуюць свой падыход — дзейнічаць на апярэджаньне, каб адсекчы непажаданы кантэнт. І калі раней не даходзіла да скандалаў вакол адбору, гэта не азначае, што не было пытаньняў.
Хачу верыць, што сёлетняя практыка ня стане традыцыйнай: працы павінна адбіраць дырэкцыя і супольнасьць кінэматаграфістаў. Гэта рэч прынцыповая. З аднаго боку, у нас часьцяком шукаюць крамолу там, дзе яе проста не існуе, дзе няма ніякай ідэалягічнай небясьпекі. З другога, рабіць выгляд, што мы жывём у нейкай іншай рэчаіснасьці, таксама ня мае сэнсу.
— Ці азначае пільная ўвага дзяржаўных структураў, што беларускія аўтары вымушаныя ўключаць у сабе ўнутраных цэнзараў, каб іх работы апрыёры ня трапілі на паліцу?
— Ці будуць творцы здымаць больш асьцярожна? Спадзяюся, што не. І гэта тычыцца ня толькі беларускай цэнзуры, бо ў кожнага фэстывалю ёсьць свая спэцыфіка, свае чаканьні, якія больш-менш адчуваюцца. Але калі пачынаеш нешта рабіць, думаючы пра тое, як бы ўклініцца ў зададзеныя рамкі, амаль заўжды атрымліваецца, прабачце, лухта. Тое ж самае будзе, калі пачнуць здымаць пад чаканьні Мінкульту ці спрабуючы здагадацца, як бы загадзя прыбіраючы крамолу.
Няма сэнсу займацца самацэнзурай. Трэба здымаць тое кіно, якое хочацца, якое адчуваеш, і потым шукаць фэстывальныя пляцоўкі. Будзе вельмі сумна, калі «Лістапад» у выніку ператворыцца ў другарадную імпрэзу нават у сэнсе паказу беларускіх стужак.
На сёлетні фэстываль трапіла некалькі карцін, якія ўжо былі ці будуць дэманстравацца на прэстыжных міжнародных фэстывалях. У іншым выпадку, каб пабачыць узоры добрага беларускага кінэматографу, трэба будзе ехаць за мяжу. Спадзяюся, сам сабе «Лістапад» такога ня ўчыніць.
Радыкальная пазыцыя байкоту «злой сыстэмы» давядзе толькі да аднаго — дысыдэнцтва
— Зьняцьце аўтарамі сваіх фільмаў на знак пратэсту супраць дзяржаўнага ўмяшаньня, зварот незалежнай Гільдыі беларускіх прадусараў і кінавытворцаў да Міжнароднай фэдэрацыі кінапрадусараў, заклікі да масавага байкоту? У што могуць перарасьці гэтыя жэсты адчаю?
— Спадзяюся, што перадусім вырасьце размова паміж кінэматаграфістамі, як салідарызавацца, апроч канчатковай пазыцыі байкоту. Вядома, можна ўстаць і выйсьці, часам гэта патрэбна, ня толькі прыгожы жэст. А што далей? Мусім вырашыць менавіта цяпер, калі і далей разьлічваем здымаць кіно. Прынамсі, ёсьць некалькі варыянтаў.
Па-першае, здымаць на «Беларусьфільме», падпарадкоўваючыся ідэям, заданьням, камандам зьверху. І на выхадзе гарантавана будзе, мякка кажучы, ня вельмі добра.
Па-другое, заняць радыкальную пазыцыю байкоту і несупрацы са «злой сыстэмай». Гэта неадкладна завядзе ў дысыдэнцтва, якое азначае фактычную самаліквідацыю. Можна быць літаратурным і нават музычным дысыдэнтам, то ў кінэматографе гэта азначае адно: здымаць у сябе на кухні на танную лічбавую камэру. Адпаведна, будзем мець і такое кіно.
Па-трэцяе, зьехаць. Прасьцей у сэнсе рэалізацыі творчых ідэяў, але са сваімі нюансамі. Па-чацьвёртае, прапаноўваць чынавенству варыянты кампрамісу дзеля разьвіцьця нацыянальнага кінэматографу.
— Да якога з агучаных варыянтаў у выніку схіляюцца калегі?
— Калі размаўлялі, прагучалі разумныя прапановы: трэба шукаць нейкую мадэль, на якую Беларусь можа абаперціся. Ня проста лёзунгі — у Беларусі мусіць быць нацыянальнае кіно — а праз пошукі супольнага фінансаваньня, выхаду на замежныя рынкі. Магчыма, гэта ня польская мадэль, там вялікі рынак; наўрад ці расейская, хоць для фільмаў кшталту «Крышталю» ён таксама велізарны.
Хутчэй за ўсё, нам варта шукаць натхненьня на Бальканах, дзе ня толькі ёсьць спробы падтрымліваць нацыянальныя кінашколы, а і створаныя прывабныя падатковыя і бюракратычныя ўмовы. Як вынік, туды едуць здымаць галівудзкую супэрпрадукцыю ўзроўню «Гульні тронаў». Наймаюцца лякальныя аўтары і вытворцы, якія могуць:
а) зарабіць грошы,
б) павучыцца і набрацца практычнага досьведу.
Ня ведаю, як зрабіць, але трэба растлумачыць чыноўнікам, каб не займаліся цэнзурай на апярэджаньне. Кіно, каб быць добрым, мусіць быць праблемным, гэта азы кінасправы. А калі канфлікту няма, калі спрабуюць вычасаць з нашай рэчаіснасьці ўсё, што надае ёй колераў, пакінуўшы адпаліраваную паверхню, — гэта ні пра што. Абсалютна не азначае, што мусіць быць твор, які ганіць Лукашэнку. Мала таго, лічу, што фільмы, якія штучна падганяюць палітычны мэсэдж, звычайна не шэдэўры. Але Беларусі нічога не замінае гадаваць свайго Зьвягінацава, як выгадавала яго Расея.
Мара Тамковіч — рэжысэрка, сцэнарыстка, журналістка. Нарадзілася 29 верасьня 1988 году ў Менску. Бацька Аляксандар — вядомы журналіст, аўтар сэрыі кніг пра вядомых людзей Беларусі. Маці Ірына зьвязаная з выдавецкай дзейнасьцю.
Вучылася на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, на рэжысуры ў Варшаўскай кінашколе. Працавала на «Эўрапейскім радыё» для Беларусі і тэлеканале «Белсат».
Аўтарка дакумэнтальных і гульнявых фільмаў, якія паказваліся ў Гдыні, Кракаве, Тэль-Авіве, Нью-Ёрку, Лёндане, Маскве. Фільм «Дачка» быў адзначаны на фэстывалях у Польшчы, Аўстрыі, Грэцыі, ЗША за рэжысуру, апэратарскую працу і сцэнар. Ляўрэатка ўзнагароды «Яна Мэрсэдэс» для найлепшай аўтаркі гульнявога фільма на фэстывалі «Два Берагі». У фільмах аддае перавагу сацыяльнаму рэалізму, але як глядачка цэніць і добрае жанравае кіно.