Дональд Трамп пасьмяротна ўзнагародзіць Элвіса Прэсьлі мэдалём Свабоды

Элвіс Прэсьлі. Фотаздымак 1958 года

Дональд Трамп вырашыў пасьмяротна ўзнагародзіць Элвіса Прэсьлі прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды — вышэйшай узнагародай ЗША для грамадзянскіх асоб.

У заяве Белага дома гаворыцца, што і праз сорак гадоў пасьля сьмерці Элвіс Прэсьлі застаецца народным кумірам. Сьпявак адправіўся служыць у войска ўжо пасьля здабыцьця сусьветнай славы.

У сьвеце прададзена больш за адзін мільярд асобнікаў кружэлак Прэсьлі. Ён быў ляўрэатам трох прэмій «Грэмі» і адным зь першых музыкаў, уключаных у «Залу славы рок-н-ролу».

На цырымоніі, якая адбудзецца 16 лістапада, мэдалём Свабоды будуць узнагароджаны яшчэ шасьцёра, сярод іх судзьдзі, спартоўцы, сэнатар.