Канцэрт беларускага сьпевака Дзьмітрыя Калдуна і расейскай сьпявачкі Юліі Міхальчык адбудзецца 11 лістапада на цэнтральнай плошчы Данецку. Пра гэта паведамілі ў Фондзе «Адзіны Данбас» Данецкаму агенству навінаў.
«Канцэрт папулярных выканаўцаў Дзьмітрыя Калдуна і Юліі Міхальчык пры садзеяньні Расейскага цэнтра адбудзецца 11 лістапада ў Данецку на плошчы Леніна», — гаворыцца ў паведамленьні. Удакладняецца, што пачатак канцэрту, а 20:00, уваход вольны.
Дзьмітры Калдун прадстаўляў Беларусь на конкурсе Эўравізія 2007 году зь песьняй «Work Your Magic», заняўшы шостае месца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ і ЗША асуджаюць выбары ў «ДНР» і «ЛНР»Эўразьвяз лічыць намечаныя на нядзелю 11 лістапада выбары на не падкантрольных Украіне тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей незаконнымі і нелегітымнымі і не прызнае іх вынікаў. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве кіраўніцы замежнай палітыкі ЭЗ Фэдэрыкі Магерыні.
У заяве падкрэсьліваецца, што, згодна зь Менскімі пагадненьням, усякія выбары на тэрыторыі, якую кантралююць падтрыманыя Расеяй сэпаратысты, маюць праводзіцца ў рамках заканадаўства Ўкраіны і паводле стандартаў АБСЭ.
У краінаў Захаду адзіная пазыцыя што да галасаваньня на Данбасе. Амбасада ЗША ў Кіеве назвала выбары «фарсам» і заклікала жыхароў Данбасу ня ўдзельнічаць у галасаваньні.