У Менску завяршыў працу міжнародны кінафэстываль «Лістапад». У часе ўганараваньня ляўрэатаў на сцэне кінатэатру «Масква» журы кінапрэсы Fipresci агучыла салідарную пазыцыю: цэнзура беларускага Міністэрства культуры абсалютна недапушчальная. Заля адказала аплядысмэнтамі.
Сёлетні «Лістапад» — самы скандальны за ўсю сваю 25-гадовую гісторыю. Навацыя Мінікульту з адборам прэтэндэнтаў на ўдзел у Нацыянальным конкурсе без уліку думкі дырэкцыі рызыкуе перакрэсьліць шматгадовыя намаганьні заняць годнае месца ва ўсясьветнай кінасупольнасьці.
Як патрапіць у цэнтар увагі
Бальшыню пераможцаў юбілейнага форуму назвалі на ўрачыстай цырымоніі закрыцьця ў кінатэатры «Масква», але некаторыя кінаперадавікі сталі вядомыя раней.
Першымі ўганаравалі фіналістаў конкурсу нацыянальных кінашколаў. Так, галоўны прыз «За найлепшы фільм» атрымаў рэжысэр Пэтэр Санд Магнусэн з Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлевізіі і тэатру ў Лодзі са стужкай «Той жа боль» (Ten sam ból).
У конкурсе для дзяцей і моладзевай аўдыторыі «Лістападзік» найлепшым прызнаны фільм «Супа Мода» дэбютантаў менскага кінафэстывалю з Кеніі — за сваю працу адзначаны рэжысэр Лікарыён Вайнайна.
Да апошняга заставалася інтрыгай, каго журы назаве пераможцамі ў намінацыях «Гульнявое кіно», «Дакумэнтальнае кіно», «Маладосьць на маршы», а таксама ў розных катэгорыях нацыянальнага конкурсу.
«Золата «Лістападу» — гран-пры асноўнага конкурсу гульнявога кіно — атрымаў мастацкі фільм румынскага рэжысэра Раду Жудэ «Мне пляваць, калі мы ўвойдзем у гісторыю як барбары».
Найлепшым рэжысэрам названы кітайскі майстра Цзя Чжан-Кэ за фільм «Попел беласьнежны». Найлепшы сцэнарыст — Огнен Главоніч з Сэрбіі за фільм «Груз». А найлепшых апэратараў ажно два: палякі Адам Баерскі і Томаш Рафа за фільм «Аднойчы ў лістападзе».
Гран-пры асноўнага конкурсу дакумэнтальнага кіно прысуджаны стужцы «Хатнія гульні» украінскай рэжысэркі Алісы Каваленкі.
У конкурсе гульнявога кіно «Маладосьць на маршы» для рэжысэраў- дэбютантаў лепшым названы бразыльска-партугальскі фільм «Мёртвыя і іншыя» рэжысэраў Жаана Салавіса і Рэнэ Надэра Месора.
А вось глядацкія сымпатыі выглядаюць крыху інакш. З гледзішча аматараў кіно лепшым гульнявым фільмам стаў «Юлі» гішпанскага рэжысэра Ісіяра Бальяні. Лепшая кінадакумэнталістыка — «Праект „Бабуля“» вугорскага рэжысэра Балінта Рэвеса. Толькі ў катэгорыі фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі меркаваньні гледачоў і журы супалі — гэта кенійская «Супа Мода» Лікарыён Вайнайна.
Прызам міжнароднага журы кінапрэсы Fipresci за лепшы дэбют адзначаны мэксыканскі фільм «Пакаёўка» рэжысэркі Лілы Авілес. У часе ўручэньня ўзнагароды на сцэне кінатэатру «Масква» чальцы журы агучылі салідарную пазыцыю: вывад прадстаўнікоў дырэкцыі з адборачнай камісіі Мінкульту нічым не абгрунтаваны, адпаведна, цэнзура недапушчальная. І сарвалі авацыі прысутных у залі.
Як Мінкульт змагаецца з «чарнухай за тры капейкі»
У нацыянальным конкурсе, дзе паміж сабой спаборнічалі беларускія аўтары, лідэры наступныя. «Лепшы гульнявы фільм» — «Дачка» рэжысэркі Мары Тамковіч. «Лепшы дакумэнтальны фільм» — «Песьні для кіта» рэжысэра Руслана Фядотава. «Лепшы анімацыйны фільм» — «Добры воўк», рэжысэркі Натальлі Дарвінай.
Менавіта ў сувязі з нацыянальным конкурсам Міністэрства культуры
было западозранае ў спробе кантраляваць працэдуру адбору кандыдатаў.
Дзеля справядлівасьці, зацісканьня гаек трэба было чакаць. Яшчэ па выніках мінулагодняга конкурсу толькі што прызначаны міністрам культуры Юры Бондар ускосна скрытыкаваў незалежныя фільмы-пераможцы: «Заўтра» рэжысэркі Юліі Шатун і «Вакол Беларусі на роварах з маторамі» Барыса Мікалайчыка.
Акрамя таго, некалькі гадоў запар лістападаўскімі трыюмфатарамі ў намінацыі «Дакумэнтальнае кіно» станавіліся аўтары, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам «Белсат». А гэта зусім не адпавядае агульнай палітыцы афіцыйнага Менску ў дачыненьні да дзейнасьці «Белсату» на тэрыторыі Беларусі.
«Моду ў айчынным кінэматографе дыктуюць не прадусары і кінакрытыкі, а заўсёднікі сацыяльных сетак, — заявіў чыноўнік. — У грамадзтве сфармавалася памылковае ўяўленьне пра сучаснае беларускае кіно: чарнуха, зьнятая за тры капейкі на лічбавую камэру. Пры гэтым адбываецца нахабнае, непрыхаванае прыніжэньне кінастудыі „Беларусьфільм“. І ўсё гэтае інфармацыйнае бязьмежжа адбываецца пры маўклівай згодзе кінасупольнасьці і СМІ».
На думку міністра, зруху акцэнтаў ва ўяўленьні пра беларускае кіно паспрыялі арганізатары «Лістапада», перадусім яго нацыянальнага конкурсу. А таму насьпеў час радыкальна зьмяніць падыходы да фармаваньня праграмаў галоўнага кінафоруму краіны.
Як дырэкцыю перавялі ў староньнія назіральнікі
Незадаволенасьць кіраўніка культурнага ведамства была ўспрынятая як каманда да дзеяньня: да юбілейнага кінафэстывалю-2018 фільтрацыяй прэтэндэнтаў займалася ўжо не дырэкцыя ў асобах мэнэджэраў цэнтру «Арт Карпарэйшн», каму гэта прадпісана паводле абавязкаў, а экспэртная камісія пад кіраўніцтвам першай намесьніцы міністра культуры Ірыны Дрыгі. Прадстаўнікі арганізатараў ад удзелу ў абмеркаваньні заявак былі адхіленыя.
«Дзеля справядлівасьці, такая камісія існавала ўжо некалькі апошніх гадоў, — удакладняе каардынатар нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк. — Але сёлета галоўнае адрозьненьне яе дзейнасьці ў тым, што туды не ўвайшлі чальцы дырэкцыі, а таксама нашмат меней было непасрэдна кіназнаўцаў. Калі раней камісія складалася з кінакрытыкаў, прадстаўнікоў дырэкцыі, кінапракату, Мінкульту, то цяпер гэта пераважна прадстаўнікі розных дзяржаўных структураў, унівэрсытэтаў. Мы ня маем нават дарадчага голасу».
Сярод тых, хто падаваўся на фэстываль, але рашэньнем міністэрскай камісіі ня трапіў у выніковую праграму, аказаліся такія вядомыя беларускія рэжысэры і прадусары, як згаданая ўжо Юлія Шатун, Андрэй Кудзіненка, Андрэй Куціла, Мікіта Лаўрэцкі, Аляксандар Міхалковіч, Павал Недведзь, Воля Чайкоўская ды іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ два фільмы зь беларускім удзелам прэтэндуюць на «Оскар»У сваю чаргу, Ірына Дрыга настойвае, што ніякай цэнзуры з боку Міністэрства культуры няма, а прозьвішча аўтара, якім бы раскручаным яно ні было, яшчэ ня ёсьць аўтаматычным пропускам у фінал прэстыжнага кінаспаборніцтва.
«Агулам паступіла 87 фільмаў, якія прадстаўлялі ў тым ліку вядомыя, паважаныя аўтары, — тлумачыць яна. — І нават з усімі сваімі прэміямі і ганаровымі званьнямі яны ў выніковую праграму не ўвайшлі. У дадзеным выпадку мы кіраваліся не імёнамі асобаў, якія стаяць за працамі, а тым, што на экране: майстэрства, глыбіня разгляду тэмы, небанальны погляд на праблему. Што тычыцца тых, хто на нешта загадзя спадзяваўся, гонар і хвала іх самаўпэўненасьці. Але, не ўвайшоўшы ў шорт-ліст, яны проста пачалі падымаць шум у прэсе. Гэта пытаньне ня столькі „Лістапада“, колькі крыўды».
Тым ня меней празьмерны кантроль з боку чыноўнікаў можа прывесьці да таго, што менскі кінафэстываль перастане лічыцца незалежным і страціць статус міжнароднага. Згодна з рэглямэнтам Міжнароднай фэдэрацыі кінапрадусараў (FIAPF), імпрэзы падобнага фармату павінны заставацца па-за цэнзурай.
Калі факты дзяржаўнага ўмяшаньня (пра якія піша ў сваім звароце да FIAPF незалежная Гільдыя прадусараў і кінавытворцаў) пацьвердзяцца, менскі «Лістапад» могуць пазбавіць міжнароднай акрэдытацыі. Як вынік, і ганаровага месца ў шэрагу найбуйнейшых усясьветных форумаў. А гэта менавіта тое, чаго з такой цяжкасьцю ўдалося дамагчыся дырэкцыі.
Як аднавіць хісткія міжнародныя пазыцыі
Першы «Лістапад» прайшоў у 1994 годзе, да 2002-га ён насіў назву «Міжнародны кінафэстываль краін СНД і Балтыі». У 2011-м імпрэза атрымала новы статус: FIAPF дала Беларусі часовую акрэдытацыю, а яшчэ праз два гады, калі скончыўся выпрабавальны тэрмін, — сталую, як прызнаньне добрай арганізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адкрыўся кінафэстываль «Лістапад»: на фоне скандалу вакол цэнзурыЗь некалькіх тысяч кінафэстаў па ўсім сьвеце акрэдытавана толькі паўсотні. Такім чынам, Менск увайшоў у лік самых прэстыжных форумаў, сярод якіх Бэрлінскі, Вэнэцыянскі, Варшаўскі, Канскі, Маскоўскі, Шанхайскі ды іншыя. Але цяпер міжнародны статус апынуўся пад пагрозай.
Упершыню за 25 гадоў самадзейнасьць Мінкульту справакавала дэмарш з боку аўтараў, якія ўжо трапілі ў шорт-ліст.
На знак пратэсту з Нацыянальнага конкурсу адклікалі сваю дакумэнтальную стужку «Перазімаваць» рэжысэрка Ева-Кацярына Махава і прадусар Дзяніс Пуцікаў, неўзабаве да калегаў далучыліся рэжысэры Кірыл Галіцкі і Сьвятлана Казлоўская, якія зьнялі з конкурсу ў намінацыі «гульнявое кіно» фільм «Пляж/Лес/Тамбур». У абодвух выпадках аўтары выступілі «за свабоду ад цэнзуры Міністэрства культуры» і адмовіліся ўдзельнічаць у конкурсе, дзе ігнаруюцца правы і свабоды творчасьці.
Тым часам кіназнаўца Андрэй Расінскі заклікаў творцаў да масавага байкоту «падцэнзурнай імпрэзы», але падтрымкі не знайшоў: калегі па цэху запярэчылі, што дырэкцыя якраз ні ў чым не вінаватая, а з цэнзарамі трэба змагацца іначай.
Ці вернецца ў наступным годзе «Лістапад» на вялікія экраны менскіх кінатэатраў у міжнародным фармаце, ці адкоціцца да першапачатковага лякальнага статусу — цалкам залежыць ад беларускіх чыноўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм паводле сцэнару Алеся Адамовіча трапіў у 100 найлепшых неангламоўных карцін