Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп апублікаваў заяву з нагоды Нацыянальнага дня памяці ахвяраў камунізму, які адзначаецца ў Амэрыцы.
Паводле прэзыдэнта, у гэты дзень амэрыканцы «ушаноўваюць памяць больш чым 100 мільёнаў чалавек, якія былі забітыя або спазналі перасьлед пры таталітарных камуністычных рэжымах», а таксама выказаў «рашучую падтрымку тым, хто імкнецца да міру, росквіту і свабоды ва ўсім сьвеце», паведамляе Голас Амэрыкі.
«Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году ў Расеі мы назіралі наступствы тыранічнай камуністычнай ідэалёгіі: пакуты, рэпрэсіі і сьмерць. Камунізм падпарадкоўвае неад’емныя правы чалавека фальшываму ўсеагульнаму дабру, што прыводзіць да зьнішчэньня рэлігійнай свабоды, прыватнай уласнасьці, свабоды слова і — часта — чалавечых жыцьцяў, — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта. — Гэтая страшная доля спасьцігла і ўкраінцаў, якіх даводзілі да галоднай сьмерці ў часы Галадамору, і расейцаў, якіх нішчылі ў часы Вялікага тэрору, і камбаджыйцаў, якія гінулі на палях сьмерці, і бэрлінцаў, застрэленых пры спробе вырвацца на волю. Ахвяры гэтых і многіх іншых зьверстваў служаць маўклівым сьведчаньнем таго неабвержнага факту, што камунізм і імкненьне да яго заўсёды будуць аказваць разбуральнае ўзьдзеяньне на чалавечы дух і росквіт чалавецтва».
«Сёньня мы ўспамінаем усіх тых, каго пазбавілі жыцьця, свабоды і імкненьня да шчасьця пры рэпрэсіўных камуністычных рэжымах. Сёньня мы аплакваем невыносныя страты, якія многім давялося перажыць пры камунізьме, і зноў абяцаем і надалей прасоўваць ідэалы свабоды і магчымасьці для ўсіх», — рэзюмаваў прэзыдэнт ЗША.
***
«Мір і правы чалавека — два ўрокі, якія трэба вынесьці з Кастрычніцкай рэвалюцыі» — заявіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка 6 лістапада. 7 лістапада ў Беларусі адзначаецца афіцыйнае сьвята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.