Галоўнаму рэдактару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыне Леўшынай выставілі абвінавачваньне ў «справе БелТА», паведамляе агенцыя.
Абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены з карысьлівай ці іншай асабістай зацікаўленасьці) выстаўлена Леўшынай 8 лістапада ў Сьледчым камітэце, дзе яна правяла 2 гадзіны 45 хвілін.
Паводле яе, для пакрыцьця прадʼяўлена сума «больш за 12 тысяч рублёў». Зь Леўшынай узялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
8 лістапада выставілі абвінавачаньне паводле гэтага ж артыкулу (ч. 2 арт. 349 КК Беларусі) і рэдактарцы навінаў парталу Tut.by Галіне Уласік, паведамляе БАЖ.
Яна мусіць сплаціць каля 17 тысяч рублёў нанесенай шкоды. Зь яе таксама ўзялі падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Паводле Галіны Ўласік, абвінавачваньні ўжо прад’яўленыя шасьці асобам зь іх рэдакцыі. Агулам у «справе БЕЛТА» фігуравалі восем чалавек з TUT.BY.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі адказала на заклік Эўрапарлямэнту спыніць перасьлед журналістаўДругая частка 349-га артыкулу КК прадугледжвае штраф, або пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю, або арышт, або абмежаваньне волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.
Падставай да завядзеньня справы паводле ч. 2 арт. 349 КК — так званай «справы БелТА» — стала паведамленьне дзяржаўнага інфармагенцтва пра збоі пры ажыцьцяўленьні доступу да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з заказчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Deutsche Welle інкрымінавана шкода БелТА памерам 4000 рублёўАбвінавачаньні фігурантам «справы БелТА» пачалі прадʼяўляць 5 кастрычніка. Журналістаў парталу Tut.by абвінавачваюць у несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі БелТА. Сума нанесенай шкоды розная ў кожным з выпадкаў і вагаецца ад 3000 да 14 230 рублёў.
6 лістапада прад'явілі абвінавачаньне журналістцы БелаПАН Тацяне Каравянковай. Ёй выставілі для кампэнсацыі суму, якая «не перавышае 5000 рублёў».
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.