Беларускі гурт J:Морс разам з авіятарамі Letim.by прадставіў кліп на беларускамоўную песьню «Крылы» — з кадрамі кругасьветнага авіяпералёту.
Аляксандар Цэнтар і Андрэй Барысевіч у жніўні-верасьні абляцелі вакол Зямлі — свой палёт яны называюць першым такім у гісторыі Беларусі. На аднаматорным самалёце Cessna 182T яны за 30 дзён праляцелі 30 тысяч кілямэтраў.
Авіятары называюць гурт J:Морс адным з сваіх улюбёных. Кажуць, слухалі і ў небе. Даведаўшыся пра гэта, гурт засьпяваў ім песьню «Грэнляндыя» — якраз тады, калі самалёт пралятаў над гэтым востравам.
Letim.by абяцаюць выдаць паўнамэтражны фільм паводле свайго палёту. А J:Морс плянуе прэзэнтаваць канцэртную праграму «Крылы» налета, на менскім канцэрце 14 лютага.