У Менску вырашылі зьнесьці 124 двухпавярховыя дамы. Палову — у Трактаразаводзкім пасёлку

Пасёлак Трактарнага заводу ў Менску, архіўнае фота

Менскія ўлады вырашылі зьнесьці 62 двухпавярховыя дамы ў квартале вуліц Філімонава — Сталетава — Авангарднай, паведаміў агенцтву «Минск-Новости» кіраўнік адміністрацыі Партызанскага раёну Дзяніс Аўсянікаў.

Таксама заплянаваны знос 62 дамоў у Трактаразаводзкім пасёлку.

На месцы зьнесеных дамоў прадугледжана будаўніцтва каля 300 тысяч квадратных мэтраў жытла.

Паводле Аўсянікава, двухпавярховыя дамы маюць зношаныя камунікацыі, якія з кожным днём усё цяжэй абслугоўваць. Гэта і фінансавы цяжар для ўладаў, і нязручнасьці для людзей, паколькі пры пастаянных рамонтных работах яны нярэдка сядзяць па тыдні без вады і цяпла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія таямніцы і легенды Трактарагораду можа зьнішчыць бульдозэр?

Трактаразаводзкі пасёлак пачалі будаваць яшчэ ў канцы 1930-х, але будоўлю спыніла вайна. Пасьля вайны завод дабудоўвалі ўжо як МТЗ. І жыльлё, адпаведна, будавалася для яго супрацоўнікаў. Мікрараён распрацоўвалі два прафэсійныя дойліды з Украіны — Сямён Разэнфэльд і Веньямін Кастэнка. У 1947-м будаўніцтва было завершанае.

Будоўлю ўслаўляў у адным са сваіх вершаў народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка, паэтычна назваўшы раён «Трактарагорадам». Ён стаў адным зь мікрараёнаў Менску і, як лічаць гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы і пісьменьнікі, — адным з помнікаў яшчэ ня вельмі аддаленай ад нас эпохі.​

Адсяляць двухпавярховыя сталінкі ў Трактаразаводзкім пасёлку пачалі ў 2015 годзе. Пад знос тады трапілі дамы ў раёне вуліц Клумава, Шчарбакова і Чабатарова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як збудавалі Трактарагорад?