Як Магілёў зьмяніўся з часоў БНР. ФОТА

Музэй гісторыі Магілёва разгарнуў выставу «Невядомы Магілёў – 1918. На разломе». Экспанатамі сталі фатаздымкі, якія набыў праграміст з Баварыі, краязнаўца Алег (Давід) Лісоўскі. Ён дазволіў і Свабодзе скарыстаць іх, каб знайсьці ў сучасным Магілёве падабенствы з горадам часоў БНР.

У 1918-м грамадзкасьць гораду падтрымала ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнала ўладу Цэнтральнай Беларускай Рады ў Менску як органа кіраваньня дзяржавы, утворанай на тэрыторыі расьсяленьня беларускага народу. Надыход бальшавікоў прымусіў згарнуць беларускую справу ў Магілёве.

На адкрыцьці выставы «Невядомы Магілёў — 1918. На разломе»

Тады за няпоўны год магілёўцы зазналі ўладу ня толькі бальшавіцкай Расеі, але і другой Рэчы Паспалітай ды кайзэраўскай Нямеччыны. Вяртаньне бальшавікоў у лістападзе 1918-га стала для Магілёва шасьцігадовай акупацыяй. Горад расейцы вярнулі Беларусі ў 1924-м.

Магілёў з эпохі ў эпоху

У 1918 годзе Магілёў быў памежным, прыфрантавым горадам. За Дняпром стаялі войскі бальшавіцкай Расеі, якіх выцесьнілі з гораду польскія легіянэры Доўбар-Мусьніцкага. Будзённае жыцьцё, зафіксаванае тагачаснымі фатографамі, вонкава спакойнае. Магілёўцы выбіраліся на шпацыр, назіралі за патаснымі гарадзкімі імпрэзамі, гандлявалі, даглядалі свае гаспадаркі.

У цяперашнім Магілёве, пасьля маштабных пераўтварэньняў прамінулага часу, пазнаць места 1918 году няпроста. І ўсё ж адшукаць ракурсы гораду і яго жыхароў, падобныя да тых, што на фатаздымках 100-гадовай даўнасьці, удалося.

Як зьмяніўся Магілёў за сто гадоў

1. Від гораду з узьбярэжжа Дняпра

Узьбярэжжа Дняпра — мясьціна, зь якой найлепш відаць тое, што засталося ад старога Магілёва.

На фота 1918 году горад шчыльна забудаваны. На дальнім пляне вежа ратушы, Спаская, Багаяўленская цэрквы ды іхныя званіцы.

Від гораду з узьбярэжжа Дняпра

На беразе Дняпра — колішні касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага. У 1918 годзе каталікі ім ужо не валодалі. Там быў судовы архіў.

Мясьціна, якая за магдэбурскімі часамі называлася Пакроўскім пасадам, а пазьней Школішчам, забудаваная хатамі. Уздоўж ракі наежджаная дарога. Побач зь ёю брыдзе прыбраная жанчына, якую суправаджаюць сабакі.

На фатаздымку цяперашняга Магілёва краявід сумны. Ад колісь шчыльнай забудовы засталіся ўспаміны. Удалечыні самотна высіцца ратуша.

2. Ратуша

Ратуша застаецца адзіным у горадзе помнікам архітэктуры, які адбудавалі з падмуркаў. Там музэй гісторыі Магілёва з экспазыцыяй пра яго магдэбурскае мінулае. Ратуша — турыстычная цікавостка. Тры разы на дзень зь яе пад гукі фанфар «выходзіць» мэханічны трубач Магіслаў. На сучасным фота людзі сабраліся, каб пабачыць гэты момант.

Ратуша

У 1918 годзе легіянэры корпусу Доўбар-Мусьніцкага і гараджане зьбіраліся на пляцы перад ратушай сьвяткаваць гадавіну травеньскай канстытуцыі Рэчы Паспалітай (зацьверджаная 3 траўня 1791 году). На будынку павесілі шыльду ў яе гонар. На старым фатаздымку зафіксаваная гэтая ўрачыстасьць.

«На браме былой стаўкі Мікалая ІІ апынуліся два польскія арлы, — пісаў у 1918 годзе журналіст газэты Tygodnik Ilustrowany пра Магілёў, калі там былі польскія войскі. — І яны трымаліся там блізу трох месяцаў, пакуль улада не была перададзеная нямецкім войскам».

3. Тэатральная плошча

Сто гадоў таму Тэатральная плошча — ажыўленая і адна з найпрыгажэйшых мясьцінаў гораду. Яе фармавалі будынкі тэатру, касьцёла Сьвятога Ксавэрыя, які ў 1840-я гады аддалі праваслаўным, а тыя перарабілі яго на царкву. Тут жа быў гатэль «Францыя» ды яшчэ адзін касьцёл — Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Гэтую бажніцу затуляў двухпавярховы будынак дваранскага сходу. Па плошчы прагульваліся гараджане. Паўзь яе па Дняпроўскім праспэкце пралягаў маршрут конкі.

Тэатральная плошча

Праз сто гадоў на плошчы засталіся тэатар і схаваны пяціпавярховым ужо домам касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Пляц ажывае падчас пастановак у тэатры, дэманстрацыяў на Дзень гораду. Дняпроўскі праспэкт стаў вуліцай Першамайскай. Конку замянілі тралейбусы і аўтобусы.

4. Музэй з трагічнай для беларускай культуры гісторыяй

На старым фатаздымку — будынак былога сялянскага і дваранскага зямельнага банкаў. У 1918 годзе бальшавікі разьмясьцілі тут фінансавы аддзел губвыканкаму. На тагачасным фота каля будынка відаць вайскоўцы.

Музэй імя Масьленікава

У браніраваным пакоі-сэйфе банка захоўваліся рэліквіі, зьвезеныя з раёнаў тагачаснага беларуска-польскага памежжа. Сярод іх быў крыж Ефрасіньні Полацкай, беларускія старадрукі, абразы і шмат усяго іншага. У Другую ўсясьветную вайну перад уварваньнем у горад гітлераўцаў каштоўнасьці вывезьлі. Дзе яны — невядома.

Цяпер у будынку — мастацкі музэй Паўла Масьленікава.

5. Вулічны гандаль

На фота стогадовай даўнасьці — Шклоўскі базар. Гандляркі зь цікавасьцю глядзяць у аб’ектыў нямецкага фатографа. Гэтага базару ў Магілёве больш няма. На ягоным месцы ў 1932 годзе заклалі Камсамольскі сквэр.

У цяперашнім Магілёве кабеты гэтаксама, як і сто год таму, выходзяць гандляваць на прахадныя вуліцы. У адрозьненьне ад сваіх суайчыньніц з 1918 году, гандляркі насьцярожана рэагуюць на спробы іх сфатаграфаваць. Рэгулярна чыноўнікі зь міліцыяй гоняць іх з наседжаных месцаў. Яны настойваюць, што жанчыны з сваім таварам псуюць выгляд вуліц і парушаюць правілы гандлю.

6. Падворкі

Падворку, які на старым фатаздымку, ужо няма. Ён зьнік разам са званіцай Спаскай царквы, што на дальнім пляне. Зь яго глыбіні за фатографам сочыць падлетак. Ён не наважваецца выйсьці са сваёй схованкі. Назірае з-за кута...

У цяперашнім Магілёве такіх падворкаў яшчэ багата. Фатограф сто год таму фіксаваў тагачаснае гарадзкое жыцьцё і архітэктуру. Цяпер такія падворкі вабяць турыстаў падзівіцца на ацалелую адметнасьць магілёўскай архітэктуры.