У Польшчы затрымалі арганізатара працоўнага рабства. З 2016 году праз махлярскую схему 42-гадовага паляка прайшлі сама меней 540 грамадзян Польшчы, Беларусі, Украіны, Грузіі і Малдовы, паведамляе Дэпартамэнт марской памежнай аховы Польшчы.
Сьледчыя ўстанавілі, што падазраваны знаходзіў работнікаў праз рэклямныя аб’явы і адпраўляў іх на нелегальную працу на будоўлі ў Польшчы і Швэцыі. З работнікамі не падпісвалі пагадненьні або складалі на незразумелай для іх мове, часта адбіралі пашпарты і іншыя дакумэнты, а заробак не плацілі наагул ці толькі яго невялікую частку.
Калі работнікі нагадвалі пра заробкі, ім пагражалі дэпартацыяй або беспадстаўна абвінавачвалі ў крадзяжы, пасылаючы заявы ў праваахоўныя органы, запалохвалі, прыніжалі і нават ужывалі супраць іх фізычную сілу.
Паводле дадзеных сьледзтва, пацярпелыя недаатрымалі больш за мільён эўра заработнай платы і іншых выплат.
42-гадоваму мужчыну прад’яўленае абвінавачваньне ў гандлі людзьмі, за што яму пагражае мінімум 3 гады пазбаўленьня волі.