У Манака затрымалі аднаго з найбагацейшых расейцаў

У Манака па запыце мясцовай пракуратуры затрыманы расейскі мільярдэр Дзьмітрый Рыбалоўлеў. Яго падазраюць у карупцыі і гандлі ўплывам, паведамляе газэта Le Monde.

У доме бізнэсмэна прайшлі ператрусы. Паводле інфармацыі газэты, у справе Рыбалоўлева выяўленыя сотні смс-паведамленьняў, якія могуць сьведчыць пра сетку зьвязаных зь мільярдэрам людзей.

З 2011 года Рыбалоўлеў зьяўляецца асноўным уладальнікам футбольнага клуба «Манака». Ён уваходзіць у дваццатку найбагацейшых людзей Расеі па вэрсіі часопіса Forbes.