Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Валянціна Падгруша рабіла 30 кастрычніка справаздачу, на падставе якой было прынята рашэньне заканадаўча ўрэгуляваць фота- і відэаздымку грамадзян бязь іх згоды.
Суд даручыў ураду Беларусі падрыхтаваць адпаведны законапраект па зьменах у Грамадзянскі кодэкс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзьдзя Канстытуцыйнага суду пра законапраект аб забароне на фота: «Ніхто ня лезе ў Закон аб СМІ»Сярод іншага ў рашэньні Канстытуцыйнага суду таксама згадвалася пра зварот Грамадзкай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, якая спасылалася «на факты самавольнага фатаграфаваньня і відэаздымкі супрацоўнікаў органаў і падразьдзяленьняў МУС».
Ці значыць гэта, што, напрыклад, журналісты ня змогуць здымаць міліцыянтаў падчас вулічных акцый?
У размове са Свабодай Валянціна Падгруша сказала, што «ніхто ня лезе ў Закон аб сродках масавай інфармацыі».
«Мы ставім пытаньне адносна абароны правоў асобы, якую сфатаграфавалі і чыю выяву зьмясьцілі ў сацыяльных сетках. Гаворка пра разьмяшчэньне ў асабістых, побытавых мэтах і пра тых людзей, якія ня ўдзельнічаюць у адносінах, абароненых адмысловымі законамі (аб рэкляме, аб сродках масавай інфармацыі ды іншых). То бок ня трэба дадумваць таго, чаго няма», — сказала судзьдзя Канстытуцыйнага суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як будуць ідэнтыфікаваць карыстальнікаў у байнэцеЯна запэўніла, што законапраект, які будзе рыхтавацца, ніяк не абмяжуе правы на здымкі.
«Калі ласка. Калі толькі вы адмыслова не здымаеце гэтую асобу, каб потым разьмясьціць у сацсетках у непрыглядным выглядзе. А для тых мэтаў, якія звычайныя для мэдыя, — калі ласка, здымкі ніхто не забараняў».
Якім чынам закон будзе рэгуляваць пытаньні разьмяшчэньня выяваў грамадзяніна ў інтэрнэце? Якую ўвядуць адказнасьць? Як можна будзе аспрэчыць рашэньні, якія будуць прымацца паводле гэтага закону?
Валянціна Падгруша пагадзілася даць пазьней для Радыё Свабода больш разгорнутае інтэрвію адносна рашэньня Канстытуцыйнага суду ад 30 кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст пра прапанову забараніць публічныя здымкі: «Гэта не зусім здаровая ініцыятыва»