Урад Расеі зацьвердзіў правілы ідэнтыфікацыі карыстальнікаў мэсэнджэраў па нумары тэлефона. Адпаведную пастанову, падпісаную прэм’ер-міністрам Дзьмітрыем Мядзьведзевым, апублікавалі 6 лістапада на сайце ўраду. Дакумэнт уступае ў сілу праз паўгода.
Як раней напісалі «Известия» са спасылкай на праект пастановы, інфармацыю пра сваіх карыстальнікаў для пацьверджаньня асобы сотавым кампаніям будуць абавязаны перадаваць ўладальнікі мэсэнджэраў. На адказ апэратару сувязі адводзіцца 20 хвілін. Калі дадзеныя пра карыстальніка супадуць з інфармацыяй у базе кампаніі, ідэнтыфікацыя будзе лічыцца пройдзенай, калі не — карыстальніку перастануць аказваць паслугі. Таксама вэрыфікацыя будзе непасьпяховай, калі кампанія будзе шукаць інфармацыю аб абанэнце даўжэй 20 хвілін. Акрамя таго, апэратары будуць абавязаныя захоўваць зьвесткі пра тое, якімі мэсэнджэрамі карыстаецца абанэнт.
За парушэньне новых правілаў уладальнікаў мэсэнджэраў будуць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.
Кіраўнік «Роскомнадзору» Аляксандр Жараў заявіў, што гэтыя меры — «неабходны крок», бо, паводле яго слоў, ананімная перапіска ў мэсэнджэры абцяжарвае дзейнасьць праваахоўных органаў пры расьсьледаваньні злачынстваў.
Апытаныя выданьнем экспэрты ўсумніліся ў тым, што замежныя сэрвісы будуць выконваць новыя патрабаваньні. ICQ, WhatsApp, Viber і «Там-Там» на запыты газэты не адказалі.