У Расеі затрыманы анархіст, які назваў «героем» выканаўцу тэракту ў будынку ФСБ

Міхаіл Жлабіцкі перад выбухам у будынку ФСБ у Архангельску

У Калінінградзе паліцыя затрымала 24-гадовага анархіста Вячаслава Лукічава, які падазраецца ў «публічным апраўданьні тэрарызму ў інтэрнэце».

Лукічава затрымалі на аўтобусным прыпынку і адразу павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Крымінальная справа супраць яго распачатая ў сувязі з камэнтарамі да скрыншоту перадсьмяротнай нататкі выканаўцы тэракту ў Архангельску: па вэрсіі сьледзтва, анархіст назваў яго «сапраўдным героем». За гэта яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Адвакат Марыя Бонцлер, якая супрацоўнічае з праваабарончай арганізацыяй «Русь сидящая», сустрэлася з затрыманым у ізалятары. Яна распавяла журналістам, што з Лукічавым былі затрыманыя дзьве дзяўчыны — яго сяброўка Даша і агульная знаёмая Насьця, «якая не зусім здаровая». У выніку ён напісаў яўку з павіннай — з умовай, што дзяўчын вызваляць.

Адвакат дадала, што сябровак Лукічава больш за суткі пратрымалі ў ФСБ. На думку Бонцлер, на яе падабароннага аказваўся ціск «і ня толькі маральны». Яна кажа, што Лукічаў скардзіцца на галаўныя болі.

Мера стрыманьня затрыманаму анархісту будзе абраная 6 лістапада.

Раніцай 31 кастрычніка ў Архангельску ў будынку мясцовага ўпраўленьня ФСБ адбыўся выбух. Па вэрсіі сьледзтва, самаробную бомбу ўзарваў 17-гадовы навучэнец Архангельскага палітэхнічнага каледжу Міхаіл Жлабіцкі. У сацыяльных сетках ён прапагандаваў ідэі анархізму, а незадоўга да тэракту папярэдзіў аб тым, што ідзе падрываць ФСБ, назваўшы матывам сваіх дзеяньняў, у прыватнасьці, тое, што спэцслужба «фабрыкуе справы і катуе людзей».

У выніку выбуху Жлабіцкі загінуў, яшчэ тры чалавекі былі параненыя.