У Беларусі 3,5% насельніцтва хварэе на псарыяз. Ці шмат гэта?

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь зьяўляецца адной з краінаў сьвету, дзе зафіксаваная высокая ступень захворваньня на псарыяз.

Прыкладна 250-300 тысяч беларусаў патрабуюць лячэньня ад псарыязу, што складае 3,5 % насельніцтва. Сярэдняя норма захворваньня на псарыяз у сьвеце складае ад 1 да 3%.

Гэтыя лічбы назваў галоўны дэрматавэнэроляг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандар Лук’янаў. Ён сказаў, што гэтая хвароба зьяўляецца ў любым узросьце, як у жанчын, так і ў мужчын. Звычайна гэта вынік першапачатковай схільнасьці да хваробы, якая перадаецца ў спадчыну. Але гэта не азначае, што кожны, чые бацькі ці дзяды хварэлі на псарыяз, павінен захварэць: рызыка, калі адзін з бацькоў псарыязьнік, складае 14%.

Як адолець хваробу?

Паводле Алега Панкратава, загадчыка катэдры Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, у псарыязе не назіраецца ані спадаў, ані ўсплёскаў па гадах. Адзінае, што звычайна гэтая хвароба абвастраецца ўзімку, калі бракуе ўльтрафіялетавага ўзьдзеяньня.

Сучасная і найноўшая форма лячэньня псарыязу — гэта біялягічная тэрапія. Аднак гэты курс каштуе вельмі дорага. Каб прайсьці поўны курс біялягічнай тэрапіі, пацыенту патрэбна заплаціць ад 10 да 12 тысяч рублёў цягам аднаго году. Цяпер беларускія навукоўцы вядуць пошук новых прэпаратаў, а пакуль лечаць трыма-чатырма традыцыйнымі прэпаратамі. Беларускія навукоўцы падрыхтавалі два спэцыяльныя прыборы для сьвятлолячэньня, якія адпавядаюць міжнародным узорам.

Дактары падкрэсьлілі, што псарыяз, бадай, тая хвароба, на каторую як ні на якую іншую ўплывае здаровы лад жыцьця. Пацыенты мусяць пазьбягаць стрэсаў, не пераядаць, не паліць, а асабліва шкодзіць алькаголь.