Сыны забітага саудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы просяць у саудаўскіх уладаў выдаць ім цела нябожчыка і расьсьледаваць злачынства супраць бацькі. Салах і ягоны брат Абдула заявілі ў інтэрвію CNN, што хацелі б пахаваць бацьку на могілках ў сьвятым для мусульман горадзе Мэдыне. Яны назвалі бацьку «мужным, шчодрым і вельмі сьмелым» чалавекам.
Салах заявіў аб тым, што верыць каралю Саудаўскай Арабіі Салману пра намер прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у забойстве бацькі. Пацьвярджэньнем таму, лічыць Салах, ёсьць правядзеньне саудаўскімі ўладамі ўнутранага расьсьледаваньня.
Паводле заявы турэцкай генпракуратуры, цела журналіста Джамаля Хашокджы было расьсечанае і зьнішчанае пасьля таго, як яго задушылі ў консульстве Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле. Парэшткі загінулага да гэтага часу ня знойдзеныя.
Апазыцыйны саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы ўвайшоў на тэрыторыю саудаўскага консульства ў Стамбуле 2 кастрычніка і больш не зьяўляўся. Праз тры тыдні саудаўскія ўлады прызналі, што ён загінуў. Саудаўскае кіраўніцтва заявіла аб арышце 18 падазраваных, аднак адпрэчыла ўласнае дачыненьне да арганізацыі забойства.