Былы польскі пасол у Менску дасьціпна адказаў Лукашэнку наконт вайсковых базаў

Лешэк Шэрэпка

Колішні пасол Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка адказаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку на заяву Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік краіны заявіў сёньня пра магчымую рэакцыю Беларусі і Расеі на амэрыканскую вайсковую базу ў Польшчы.

«Я міністру замежных справаў сказаў — ён выступаў у нас у Менску: мы з вамі ваяваць не зьбіраемся. Таму ня трэба ствараць лішнія базы. У адваротным выпадку мы з расейцамі павінны будзем адказваць. Значыць, мы будзем вымушаныя нешта разьмяшчаць, каб вам процідзейнічаць», — заявіў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з жыхарамі пасёлка Балбасава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што палякі сваёй вайсковай базай змусяць і яго «нешта разьмяшчаць» разам з Расеяй

Лешэк Шэрэпка адказаў на гэта ў сваім Фэйсбуку:

«Шаноўны Аляксандар Рыгоравіч, у нас няма лішніх базаў, затое не хапае патрэбных. Калі расейскія жаўнеры выйдуць з Грузіі, Украіны, а таксама зь Беларусі, тады можна будзе гандлявацца. А пакуль гэта ў вас ёсьць нагода гандлявацца з Масквой за большыя датацыі», — напісаў Шэрэпка.

Лешэк Шэрэпка працаваў амбасадарам у Менску ў 2011-2015 гг. У крызісны час беларускія ўлады «папрасілі» яго пакінуць Беларусь. Шарэпка вымушаны быў зьехаць з краіны разам з Майрай Морай — кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Пасьля таго як сытуацыя стала спакайнейшая, амбасадар вярнуўся ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць фактаў пра Лешэка Шарэпку