У Менску Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ правяла акцыю ў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
У шэсьці ад будынка Менскага гарадзкога палаца культуры да Лошыцкага яра ўдзельнічала прыблізна 50 чалавек. Яны несьлі ня менш за 20 бел-чырвона-белых сьцягоў, а таксама расьцяжкі «Расея — гэта вайна» і «Дзяды».
Шэсьце завяршылася мітынгам ля памятнага крыжа ў Лошыцкім яры.
Улады імкнуцца зьнішчыць сьляды генацыду 1930–40-х гадоў, гаворыцца ў заяве старшыні КХП— БНФ Зянона Пазьняка, якую зачытаў на мітынгу ў Лошыцкім яры адказны сакратар партыі Алесь Чахольскі.
Пазьняк адзначыў, што найбольш масавыя расстрэлы адбываліся ў 1937 годзе.
«Прывозілі і забівалі кожны дзень. Паводле маіх разьлікаў, тут забілі прыкладна 10 тысяч чалавек. Улетку 1988 года, калі вяліся археалягічныя раскопкі і эксгумацыя ў Курапатах, месца расстрэлу ў Лошыцы было засыпанае грунтам», — адзначыў кіраўнік КХП-БНФ.
Згодна са зьвесткамі гісторыкаў, у 1930-х гадах у Лошыцкім яры знаходзілася так званая Белая дача — месца размяшчэньня спэцкаманды НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Тут жа іх расстрэльвалі.