Пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб правяла двухдзённую паездку ў Гомлю. 1 лістапада, як перадае БелаПАН, яна ўдзельнічала ў дыялёгу ў справе сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, а 2 лістапада сустрэлася з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнаьсці ў грамадзка-палітычным цэнтры «Палеская, 52».
Як адзначыла дыпляматка, у Беларусі за апошнія дзесяць гадоў ёсьць прагрэс, ёсьць адкрытыя прасторы, дзе можна абмяркоўваць некаторыя тэмы. Адносіны Вялікабрытаніі і Беларусі палепшыліся ў палітычным пляне, ёсьць дыялёг, «без якога нічога ня будзе мяняцца».
«Галоўная мэта нашага ўраду — гэта падтрымліваць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі», — падкрэсьліла Гіб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадарка Вялікай Брытаніі заклікала расьсьледаваць зьнікненьні беларускіх палітыкаўНа пытаньне, што пагражае незалежнасьці Беларусі, пасол адказала, што ёсьць «велізарная эканамічная залежнасьць ад Расеі — энэргарэсурсаў, нафты». «Беларусь — адносна маладая дзяржава, яна выбрала незалежнасьць 25 гадоў таму, і наша мэта — падтрымліваць і далей умацоўваць сувэрэнітэт», — дадала Фіёна Гіб.
Паводле словаў брытанскага пасла, дыпляматычны корпус краін Эўразьвязу пастаянна ўздымае пытаньне аб датрыманьні правоў чалавека ў Беларусі. Афіцыйна сустрэчы з урадам Беларусі па правах чалавека праводзяцца раз у год, нефармальныя — рэгулярна. «Мы сабе пазначылі ў Эўразьвязе, што любы істотны прагрэс у адносінах ЭЗ і Беларусі будзе залежаць ад паляпшэньня ў сфэры правоў чалавека», — патлумачыла Фіёна Гіб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі брытанскай амбасады ў Менску апрануліся ў колеры ЛГБТ-сьцягаПытаньне з залі гучала пра адрозьненьні беларусаў ад брытанцаў. «З адметных рысаў я б назвала цярпеньне. Мы, брытанцы, не баімся, напрыклад, выказаць сваё меркаваньне, выйсьці на вуліцы, не баімся шуму, бо ведаем, што мы абаронены і можам гэта зрабіць. У той час як беларусы, мне здаецца, больш цярплівыя ў гэтым пляне. Я мяркую, што ў беларусаў няма такой упэўненасьці, што яны абароненыя законам», — заўважыла Гіб.
Агульнымі рысамі беларусаў і брытанцаў яна назвала жаданьне пабудаваць добрую будучыню для наступных пакаленьняў, «і абедзьве нашы краіны падзяляюць гэта ў поўнай меры».