Фантастыка і фэнтэзі ў Менску: як у Беларусі праходзіць свой Comic-Con. ФОТАГАЛЕРЭЯ

У менскім футбольным манэжы 2-4 лістапада праходзіць беларускі фэстываль фантастыкі, коміксаў, фэнтэзі, настольных і кампутарных гульняў UniCon & GameExpo.

На ім выстаўленыя каля трох дзясяткаў стэндаў з разнастайнымі фантастычнымі сусьветамі: ад амэрыканскіх Marvel і Star Wars да ўкраінскага S. T. A. L. K. E. R і польскага «Ведзьмака».

На кожным стэндзе можна пагуляць у адмысловыя тэматычныя гульні і квэсты і атрымаць падарункі ды стыкеры. Пасьпяхова прайшоўшы ўсе пляцоўкі, можна разьлічваць на прызы ад спонсараў.

Апроч стэндаў, арганізатары падрыхтавалі вялікую адукацыйную праграму з выступамі пісьменьнікаў-фантастаў, майстар-клясамі і лекцыямі, а таксама зладзілі адмысловую зону для кампутарных і настольных гульняў.

Важная частка фэсту — касплэй-дэфіле: паказ вобразаў з кампутарных гульняў, кінэматографу, літаратуры і коміксаў.

За тры фэстывальныя дні пройдзе звыш 10 паказаў у розных катэгорыях. Прычым касплэерамі становяцца ня толькі ўдзельнікі дэфіле, але і наведнікі фэсту.