Канстытуцыйны суд прапанаваў забараніць фатаграфаваць беларусаў бязь іх згоды

Відэаапэратар спэцслужб здымае акцыю пратіэсту ў Берасьці. 21 кастрычніка 2018 году.

Як перадае агенцтва "Інтэрфакс", у Беларусі будуць унесеныя зьмены ў Грамадзянскі кодэкс, якія прадугледжваюць забарону на фота- і відэаздымку грамадзян бязь іх згоды.

Канстытуцыйны суд Беларусі даручыў ураду распрацаваць адпаведныя зьмены ў заканадаўства і ўнесьці іх у парлямэнт, сказана ў рашэньні КС, якое апублікавана ў пятніцу на нацыянальным прававым партале.

«У мэтах забесьпячэньня канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшаньня ў яго асабістае жыцьцё, ліквідацыі прававой недакладнасьці ў прававым рэгуляваньні выкарыстаньня і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве прызнаць неабходным ўнясеньне адпаведных зьмяненьняў у Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусі», — гаворыцца ў дакумэнце.

У рашэньні Канстытуцыйнага суду тлумачыцца, што разгляд гэтага пытаньня раней ініцыявала Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў. У заяве калегіі адзначаецца, што распаўсюджваньне ў СМІ і інтэрнэце выяваў грамадзян можа быць спалучана з парушэньнем іх правоў і законных інтарэсаў. Таксама юрысты лічаць, што выкарыстаньне выявы грамадзяніна без яго згоды зьяўляецца уварваньнем ў прыватнае жыцьцё і парушэньнем права на асабістую таямніцу.

Канстытуцыйны суд таксама згадвае пра зварот грамадзкай рады пры МУС Беларусі, якая спасылалася «на факты самавольнага фатаграфаваньня і відэаздымкі супрацоўнікаў органаў і падразьдзяленьняў МУС».

У міністэрстве ўнутраных спраў лічаць, што «пры тэндэнцыйным падыходзе да апублікаваньня выявы гэта можа цягнуць нэгатыўныя наступствы, у тым ліку наносіць непапраўную шкоду іміджу сыстэмы правапарадку, правам і законным інтарэсам супрацоўнікаў органаў і падразьдзяленьняў МУС».