Twitter выдаліў 10 тысяч акаўнтаў за заклікі не галасаваць на выбарах у ЗША

Падазроныя акаўнты выдалілі ў верасьні-кастрычніку. Яны былі замаскаваныя пад уліковыя запісы прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі ЗША.

Інфармацыю паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка кампаніі Яна Планкета.

Выбары ў Кангрэс ЗША пройдуць 6 лістапада. Раней у Twitter паведамлялі, што будучае галасаваньне стала найчасьцей згадванай падзеяй у сетцы ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі. З 1 кастрычніка карыстальнікі апублікавалі больш за 10 мільёнаў запісаў.

На пачатку верасьня топ-мэнэджэры Facebook і Twitter распавялі камітэту па выведцы Сэната ЗША пра захады, якія яны прымаюць супраць замежных атак на амэрыканскую дэмакратыю. Сэнатары канстатавалі, што кампаніі не змаглі зьменшыць рызыкі ўмяшаньня ў палітычную сыстэму ЗША, і абвінавацілі Расею ў тым, што яна працягвае спробы інтэрвэнцыі. У Расеі з такімі абвінавачаньнямі ня згодныя.