Музыкі нямецкага гурта абяцаюць неверагоднае шоў на некалькіх дзесятках стадыёнаў. Але не ў Беларусі.
Белтэлерадыёкампанія ў верасьні паведаміла пра сумесную працу з гуртам. Паводле інфармацыйнага паведамленьня на афіцыйным сайце, музыкі наведалі Менск 14-15 верасьня. Запіс адбываўся ў вялікай студыі беларускага Дома Радыё. У ім прымалі ўдзел музычныя калектывы Белтэлерадыёкампаніі. Мяркуючы па фотаздымках, гэта сымфанічны аркестар і хор.
У новага альбома яшчэ няма назвы, піша гурт у сваім прэсавым рэлізе. Тур пачнецца ў траўні 2019 году. З найбліжэйшых да беларускіх аматараў гарадоў у ім пазначаны польскі Хожув, латыская Рыга і расейская Масква.
У Беларусі Rammstein быў у 2010 з канцэртам у Менску, які суправаджаўся гучным скандалам. Напярэдадні Грамадзкая рада па маралі заяўляла, што «творчасьць гурта зьяўляецца непрыхаванай прапагандай гомасэксуалізму, мазахізму і іншых вычварэнств, жорсткасьці, гвалту і непрыстойнай лаянкі. На канцэртах групы часта жыўцом дэманструюцца палавыя акты паміж мужчынамі, семявывяржэньне і перайманьне нацыстаў». Ад імя рады ў прэсе выступаў яе старшыня, таксама кіраўнік афіцыйнага Саюза пісьменьнікаў, Мікалай Чаргінец.