Суд у Маскве арыштаваў па падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе вайсковага экспэрта Ўладзіміра Няелава. Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на свае крыніцы.
Няелава зьмясьцілі ў сьледчы ізалятары «Лефортава». Падазраваны супрацоўнічаў з «Цэнтрам стратэгічнай кан’юнктуры» і спэцыялізаваўся на дзейнасьці прыватных вайсковых кампаній.
Расейскія мэдыі неаднаразова паведамлялі, што ў Расеі існуе «прыватная вайсковая кампанія Вагнера» у якой каля чатырох тысяч людзей. Найміты, як мяркуецца, ваявалі на ўсходзе Ўкраіны ў шэрагах сэпаратыстаў, а таксама ваююць у Сырыі на баку войскаў Башара Асада.
Крэмль адпраўку прыватных вайсковых кантрактнікаў у Сырыю адмаўляе. Найміцтва ў Расеі забаронена законам.