За апошнія чатыры гады 57 тысяч мігрантаў загінулі альбо зьніклі бязь вестак

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты перасякаюць мяжу Гватэмалы з Мэксыкай, накіроўваючыся ў ЗША. 29 кастрычніка 2018 году

За апошнія чатыры гады каля 57 тысяч мігрантаў загінулі альбо зьніклі бязь вестак, паведамляе Associated Press. Найбольшая колькасьць ахвяраў — прыкладна 20 тысяч — прыпадае на краіны Афрыкі і Міжземнамор’е, дзе пралягаюць асноўныя маршруты міграцыі ў Эўропу.

У большасьці выпадкаў — асабліва па-за межамі эўрапейскага рэгіёну — статыстыка сьмерцяў у гэтай сфэры не вядзецца, таму пададзеныя зьвесткі могуць быць заніжаныя, удакладняе агенцтва.

Паводле дадзеных AFP, людзі ўцякаюць галоўным чынам ад вайны, голаду і беспрацоўя. Падчас міграцыі з родных краінаў многія гінуць у пустынях, тонуць альбо становяцца ахвярамі гандлю людзьмі.

Напрыклад, у канцы жніўня мігранты з Афрыкі, якіх адмовілася прыняць Італія, заявілі, што ім давялося два гады правесьці ў палоне ў кантрабандыстаў у Лібіі. Гандляры рабамі гвалцілі палонных і патрабавалі ў іхных сем’яў выкуп за вызваленьне, расказалі ўцекачы. Факты згвалтаваньня пацьвердзілі эўрапейскія мэдыкі.

Ілюстрацыйнае фота. Некалькі дзясяткаў мігрантаў з Ірану і Іраку на галоўнай плошчы Салёнікаў у Грэцыі. 8 кастрычніка 2018 году

У 2015 годзе канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель стала ініцыятарам таго, каб Эўразьвяз даў прытулак уцекачам з Сырыі, краінаў Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Тады, паводле зьвестак ААН, больш за 200 тысяч мігрантаў усяго за паўгода прыехалі ў Эўропу празь Міжземнае мора. Пазьней плынь мігрантаў павялічылася яшчэ больш: ў 2016 годзе заяўкі на прытулак у Эўразьвязе падалі больш за 1 млн чалавек, зь іх дзьве траціны прыпалі на Нямеччыну. У 2017 годзе Эўразьвяз даў прыстанішча больш як паўмільёну ўцекачоў, звыш 60 адсоткаў зь іх прыняла Нямеччына.

Пры гэтым улады нярэдка ўскрывалі выпадкі махлярства сярод тых, хто прасіў аб прыстанішчы: людзі падавалі фальшывыя дакумэнты, давалі ілжывую інфармацыю пра свой узрост і краіну паходжаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына выдаткуе на мігрантаў 7 млрд эўра

У верасьні 2018 у нямецкім горадзе Хемніц прайшлі пратэсты праціўнікаў і прыхільнікаў палітыкі прыёму мігрантаў у Нямеччыне. На вуліцы гораду выйшлі з маршам 4,5 тысячы ультраправых, выказваючы сваю пазыцыю супраць прыняцьця ўцекачоў. Ім супрацьстаялі каля 3,5 тысячы ўдзельнікаў мітынгу «Сэрца замест нянавісьці».

У чэрвені 2018 году Гішпанія дазволіла зайсьці ў порт Валенсіі судну Aquarius, на борце якога знаходзіцца 629 мігрантаў. Раней гэтае судна адмовілася прыняць Італія.

29 траўня 2018 году ўрад Вугоршчыны унёс у парлямэнт пакет законапраектаў, адзін зь іх уводзіць пакараньне за аказаньне дапамогі нелегальным мігрантам у выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада Эўропы раскрытыкавала краіну ЭЗ за жорсткае абыходжаньне зь нелегаламі