Чэскія беларусы сёньня традыцыйна адведалі Альшанскія могілкі ў Празе, дзе пахаваныя выбітныя дзеячы эміграцыі, «айцы БНР». Навінкай стала прэм’ера дакумэнтальнага фільма Радыё Свабода «Непахісныя», які прысьвечаны лёсу Ларысы і Яна Геніюшаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Непахісныя». Дакумэнтальны фільм Свабоды пра Ларысу Геніюш
Год, што адыходзіць, прайшоў тут пад знакам супольнага стагодзьдзя — абвяшчэньня БНР і незалежнай Чэхаславачыны. Ня кажучы пра чэскі, беларуску юбілей адзначаўся ў Празе на высокім узроўні — 25 сакавіка ў будынку гістарычнай Старамесцкай ратушы. У гэты ж дзень была адкрытая мэмарыяльная дошка на зноў знойдзенай магіле Міколы Вяршыніна, які выконваў у Празе функцыі консула ўраду БНР. Да гэтага году ён спачываў ў магіле разам са сваімі блізкімі, але безыменна. Заслуга адкрыцьця магілы належыць беларускаму дасьледчыку з Чэхіі Сяргею Кнырэвічу.
Такім чынам, да трох «культавых» беларускіх магілаў — прэзыдэнтаў Рады БНР Пятра Крэчаўскага, Васіля Захаркі і спевака Міхася Забэйды-Суміцкага, дадалася чацьвёртая, вяршынінская. Памінальныя малітвы іх памяці, а таксама за ўсіх продкаў адслужыў сёньня айцец Андрусь Абламейка.

Дарэчы, тры першыя магілы некалькі гадоў таму ўзяла пад апеку беларуская асьветная суполка Скарына. Праект «адаптацыі» гістарычна значных магілаў абвясьціла адміністрацыя Альшанскіх могілак — гэта прапанова азначае ня толькі клапаціцца і ўтрымліваць «сваё месца», але і аплочваць яго.
29 красавіка на праскай глебе таксама ўспомнілі Ноч рассраляных паэтаў. На вечарыне, якую зладзіла фэйсбукавая група BLRČR, гучалі вершы рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, сюды ж прывезла сваю сэрыю ім прысьвечаных «Маўклівых кніг» кніжная дызайнэрка Кацярына Пікірэня.
Прэм'ера фільма пра Ларысу Геніюш
Сёньня праскія Дзяды не абмежаваліся малітвай, кветкамі і сьвечкамі. У Доме нацыянальных мяншыняў адьылася прэм’ера дакумэнтальнага фільма Радыё Свабода «Непахісныя» (рэжысэр Алена Радкевіч, сцэнар Алены Ціхановіч). Гэтым разам зыходным момантам паслужыла сымболіка 1948-га году — менавіта 70 гадоў таму, калі да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы, быў дадзены ход патрабаваньню СССР аб выдачы Яна і Ларысы Геніюшаў. Доктар і паэтка былі засуджаныя ў Менску на 25 гадоў Гулагу за антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць, нягледзячы на тое, што жылі ў эміграцыі і савецкімі грамадзянамі ніколі не былі.
На вечарыне выступаў бард Зьміцер Бартосік