Трэйлер фільма пра Ларысу Геніюш. ВІДЭА

Сёньня ў Празе падчас сьвяткаваньня Дзядоў адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага фільма Радыё Свабода, прысьвечанага культавай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш і яе мужу доктару Яну Геніюшу.

Галоўны герой фільма — унук Ларысы і Яна Геніюшаў Міхась, які вырашыў прайсьці ня толькі праскімі сьцежкамі блізкіх продкаў. Разам з аўтарамі фільма Аленай Радкевіч і Аленай Ціхановіч ён наведаў гарады Вімпэрк і Пісэк — адрасы драматычных падзеяў у лёсе Геніюшаў, калі яны былі арыштаваныя і зьняволеныя.

Your browser doesn’t support HTML5

Трэйлер фільма пра Ларысу і Яна Геніюшаў. Відэа


«Сёньня я старэйшы, чым былі мае бабуля і дзядуля, калі выйшлі з Гулагу — кажа Міхась Геніюш, — і я разумею цяпер, чаму яны нічога пра гэта не хацелі расказваць».

70 гадоў таму, калі да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы, Ян і Ларыса Геніюшы былі пазбаўленыя грамадзянства і выдадзеныя ў СССР. Доктар і паэтка былі засуджаныя ў Менску на 25 гадоў Гулагу за антысавецкую нацыяналістычную дзейнасьць, нягледзячы на тое, што жылі ў эміграцыі і савецкімі грамадзянамі ніколі не былі.

Дакумэнтальны фільм «Непахісныя» (рэжысэр Алена Радкевіч, сцэнар Алены Ціхановіч) пасьля праскай прэм’еры (2 лістапада, Прага, Дом нацыянальных мяншыняў, 17:00) будзе даступны на сайце Свабоды і ў Youtube.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры навіны да дня нараджэньня Ларысы Геніюш