Урад Расеі апублікаваў сёньня сьпіс грамадзян Украіны, супраць якіх уводзяцца санкцыі. Сярод 322 асобаў, пакараных за «недружалюбныя дзеяньні Ўкраіны», ёсьць і 35-гадовы беларус Аляксандар Васілько.
У дакумэнце, які падпісаў Дзьмітрый Мядзьведзеў, Васілько на 38-м месцы. Там падаецца толькі расейская і ўкраінская транскрыпцыя імя, а таксама дата і месца нараджэньня — 25 сакавіка 1983 году, Беларуская СССР.
Хто такі Васілько і чаму супраць яго былі ўведзеныя санкцыі? Скантактавацца зь ім самім пакуль не ўдалося, але Свабода даведалася, што Аляксандар Васілько родам з Баранавічаў, скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт.
Некаторы час працаваў дырэктарам па вытворчасьці на піўзаводзе «Аліварыя». Пасьля пераезду ва Ўкраіну Васілько ўзначаліў буйную кампанію — Carlsberg Ukraine у Львове. Менавіта ён ініцыяваў вытворчасьць на львоўскім бровары піва «Менскае Жыгулёўскае». У адным з інтэрвію ён казаў, што піва вырабляецца паводле беларускай тэхналёгіі і згодна зь беларускай рэцэптурай.
У бізнэс-каталёгу прадпрыемстваў Украіны Аляксандар Васілько пазначаны як дырэктар Дняпроўскага крухмала-патачнага камбінату — найбуйнейшага вытворцы крухмала-патачных прадуктаў ва Ўкраіне. Аднак прадстаўнікі кампаніі паведамілі Свабодзе, што Васілько не зьяўляецца дырэктарам прадпрыемства ўжо другі год. Самога Дняпроўскага крухмала-патачнага камбінату ў санкцыйным сьпісе Расеі няма.
У асобаў, якія трапілі ў гэты сьпіс, будуць заблякаваныя на тэрыторыі Расеі рахункі, бездакумэнтарныя каштоўныя паперы і маёмасьць. Таксама яны ня змогуць выводзіць капітал за межы Расеі.