«Беларускі свабодны тэатар» прывёз у Кіеў спэктакль пра Сянцова, Алёхіну і Паўленскага

Сцэна са спэктаклю Burning Doors

Грошы ад продажу квіткоў на спэктакль Burning Doors перададуць сем’ям украінскіх палітвязьняў у Расеі.

«Беларускі свабодны тэатар» 6 і 7 лістапада выступіць на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Івана Франка ў Кіеве са спэктаклем «Burning Doors», у якім апавядаюцца гісторыі трох дзеячоў культуры, якія апынуліся ў турме — украінскага кінарэжысэра Алега Сянцова, актывісткі фемінісцкага панк-гурту Pussy Riot Марыі Алёхінай і расейскага мастака Пятра Паўленскага.

Ініцыятарам паказу «Burning Doors» у Кіеве стаў украінскі музыка, вакаліст і аўтар тэкстаў гурту «Бумбокс» Андрэй Хлыўнюк, які з 2015 году супрацоўнічае зь Беларускім свабодным тэатрам. У спэктаклі будзе гучаць музыка групы «Бумбокс».

Дэманстрацыя спэктаклю ў Кіеве адбудзецца дзякуючы падтрымцы Ўкраінскага культурнага фонду, які на грамадзкіх пачатках узначальвае жонка ўкраінскага прэзыдэнта Марына Парашэнка.

Спэктакль створаны ў 2016 годзе, каб прыцягнуць увагу ўсясьветнай супольнасьці да немагчымасьці палітычных перасьледаў у ХХІ стагодзьдзі. Усясьветныя гастролі з гэтай пастаноўкай «Беларускі свабодны тэатар» пачаў увосень 2016 году — менавіта з гэтага часу па ўсім сьвеце разгарнулася грамадзкая кампанія за вызваленьне палітвязьняў, у прыватнасьці ўкраінца Алега Сянцова, да якой далучыўся шэраг вядомых дзеячоў культуры і грамадзкіх дзеячоў з усяго сьвету.

«Гэта спэктакль пра свабоду і здаровы глузд, які ўскалыхнуў сьвет! Акторы і рэжысэр, без перабольшаньняў, выкладваюцца цалкам», — кажа ўкраінскі музыка Андрэй Хлыўнюк.

Мікалай Халезін

«„Burning Doors“ сапраўды цікавы спэктакль. Я бязь лішняй сьціпласьці кажу. Глядач ня ведае, што будзе адбывацца кожную наступную хвіліну — дыялёг палітыкаў ці фрагмэнт клясычнага літаратурнага твора, ці грамадзкая дыскусія, якая раптам аказваецца ўсярэдзіне спэктаклю. У нас практычна не бывае, каб хтосьці пайшоў», — сказаў рэжысэр спэктаклю Мікалай Халезін у інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Українська правда».

На сёньняшні дзень прадалі амаль усе квіткі на спэктакль, нягледзячы на тое, што іхная цана несупастаўна большая, чым на спэктаклі ўкраінскіх тэатраў — ад 890 да 2490 грыўняў (ад 31 да 90 даляраў у эквіваленце).

Арганізатары паказу падкрэсьліваюць, што прыбытак ад продажу квіткоў будзе перададзены семʼям украінскіх палітвязьняў у Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэктакль Беларускага свабоднага тэатру — сярод 10 найлепшых паводле крытыка The New York Times

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзьверы ў агні» — новы спэктакль Свабоднага Тэатру атрымаў найвышэйшую ацэнку брытанскай крытыкі