На сайце Petitions.by пачаўся збор подпісаў за расьсьледаваньне факту прымусу ўступаць у Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
У пэтыцыі, якую запусьціў лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, зьвяртаюцца да Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі прэзыдэнта з прапановай правесьці расьсьледаваньне адносна роліка зь менскай 31-й гімназіі, на якім чуваць, як на вучняў ціснуць, каб тыя ўступілі ў БРСМ, і як пагражаюць ім.
Тое, што адбываецца на відэа, якое Свабода апублікавала 30 кастрычніка, называюць «грубым парушэньнем Канстытуцыі».
Выпадку заклікаюць даць публічную ацэнку, пакараць вінаватых (перадусім не настаўнікаў, а тых, хто даў такое распараджэньне «на ўзроўні раёну і вышэй»), забясьпечыць дабраахвотны ўдзел моладзі ў арганізацыях і даць роўны доступ да школаў усім зарэгістраваным арганізацыям. Настаўнікам і школьным адміністрацыям прапануюць забараніць удзельнічаць у фармаваньні школьных ячэек грамадзкіх арганізацыяў.
Акрамя таго, у пэтыцыі прапануюць правесьці круглы стол, на якім абмеркаваць забесьпячэньне добраахвотнасьці ўдзелу моладзі ў грамадзкіх арганізацыях.
Прэсавая служба Міністэрства адукацыі ўжо апублікавала афіцыйную рэакцыю на ролік пра «загон» у БРСМ. На думку чыноўнікаў, зьмест відэароліка «выклікае шмат пытаньняў». Таму Мінадукацыі заявіла, што не зьбіраецца ні расьсьледаваць сытуацыю, ні даваць камэнтары.
«Недапушчальна прымусовае ўступленьне ў члены БРСМ. Ніякіх разнарадак на гэты конт у школах няма і быць ня можа», — дадалі ў Мінадукацыі.
Сам БРСМ паабяцаў, што «будзе разьбірацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: #загонБРСМ: настаўніца расказала, як заганяюць у праўладную арганізацыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць бацькам, калі дзіця «заганяюць» у БРСМ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы, роля, ідэалёгія. 5 фактаў пра БРСМ, куды ў Менску заганялі школьнікаў