Райнэр Лінднэр, старшыня «Менскага форуму», штогадовай нямецка-беларускай сустрэчы экспэртаў і палітыкаў, ацаніў працу ў Менску іншай ініцыятывы з ФРГ — асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі.
У Менску праходзіць паседжаньне асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі. Першыя паўдня дыскусія праходзіць у закрытым рэжыме, па абедзе запрасілі журналістаў. У рамках форуму заплянаваная дыскусія на тэму «Менскі працэс», прысьвечаная ўрэгуляваньню канфлікту на Данбасе.
Выканаўчы дырэктар па краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі канцэрну Schaeffler AG, старшыня Менскага форуму Райнэр Лінднэр сказаў журналістам, што Мюнхэнская канфэрэнцыя па бясьпецы зьяўляецца важнай традыцыйнай плятформай для міжнароднага дыялёгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што важнага вырашала Асноўная група Мюнхэнскай канфэрэнцыі, якая пачынаецца ў Менску«Я думаю, што гэта было правільнае рашэньне — прыехаць сюды, запрасіць шмат замежных палітыкаў, экспэртаў з розным бэкграўндам. Гэта важная падзея для Беларусі, бо Беларусь чарговы раз стане пляцоўкай для дыялёгу. Зьявіўся новы фармат, удзельнікі абмяркоўваюць важныя пытаньні. Напрыклад, энэргетыкі, бясьпекі, міжнародныя канфлікты, гандаль. Той факт, што ёсьць розныя прэм’ер-міністры, прэзыдэнты Цэнтральнай Эўропы, прадстаўнікі розных МЗС, гэта мае вялікае значэньне для такога фармату», — сказаў Лінднэр.
Райнэр Лінднэр мяркуе, што Беларусь паступова становіцца традыцыйным месцам для правядзеньня складаных перамоваў.
«Тое, што сюды прыехала самая традыцыйная ў сьвеце канфэрэнцыя бясьпекі, зьяўляецца важнай падзеяй «для палітыкаў і прэзыдэнта». На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці азначае гэта, што Аляксандар Лукашэнка атрымае запрашэньне на асноўную Мюнхэнскую канфэрэнцыю бясьпекі, якая пройдзе ў лютым, спадар Лінднэр сказаў, што ня можа гэта прагназаваць і нешта сказаць, бо не зьяўляецца арганізатарам. «Той факт, што канфэрэнцыя сюды прыехала, сам за сябе ўжо гаворыць. Што Беларусь і для Мюнхэнскай канфэрэнцыі зьяўляецца важнай плятформай».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму менавіта ў Беларусі пройдзе важная сустрэча Мюнхэнскай канфэрэнцыі? Тлумачыць нямецкі палітоляг31 кастрычніка — 1 лістапада ў Менску праходзіць сустрэча Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі. На ёй выступіць і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
У асноўным сьпісе ўдзельнікаў 90 чалавек. Сярод іх тры прэзыдэнты — Армэніі, Беларусі, а таксама прэзыдэнт Косава, які пазначаны як «палітычны дзеяч», два прэм’еры — Малдовы і Сэрбіі, чатыры міністры замежных спраў — Македоніі, Манголіі, Польшчы, Славаччыны. Была інфармацыя аб прыезьдзе ў Менск і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, але яна пакуль не пацьверджана афіцыйна.
Галоўнымі тэмамі называюць праблемы бясьпекі для Ўсходняй Эўропы і Паўночнаатлянтычнага рэгіёну, пэрспэктывы менскай пляцоўкі па Ўкраіне, лёс пагадненьняў аб кантролі над зброяй, устойлівасьць эканамічнай мадэлі Ўсходняй Эўропы.
Частка паседжаньняў «мюнхэнскай канфэрэнцыі ў Менску» будуць закрытымі, іншыя пройдуць у фармаце «чатэм гаўз», калі журналісты могуць выкарыстоўваць інфармацыю, але ня маюць права называць чалавека, які яе паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менск на канфэрэнцыю па бясьпецы едуць прэзыдэнты Армэніі і Косава. Парашэнка пад пытаньнем