Новая міграцыйная палітыка Расеі закліканая прыцягваць беларусаў і ўкраінцаў

Ілюстрацыйнае фота

Новую Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі сёньня маюць апублікаваць у Расеі. Яе прыняцьце можа спрасьціць працэдуры наданьня грамадзянства РФ, а для жыхароў Украіны і Беларусі, магчыма, скасуюць іспыты на веданьне расейскай мовы, паведамляе «Коммерсант».

Суразмоўца «Коммерсанта», знаёмы са зьместам дакумэнту, расказаў на ўмовах ананімнасьці, што ў канцэпцыі:

  • Прыярытэтнай мэтай міграцыйнай палітыкі становіцца прыцягненьне ў Расею расейцаў і расейскамоўных суайчыньнікаў, «здольных за кошт агульнасьці мовы і культуры без праблем уліцца ў расейскае грамадзтва», і магчымасьць прыцягваць іншаземцаў, якія ня хочуць станавіцца расейцамі, але «гатовыя прыносіць карысьць сабе і расейскаму грамадзтву».
  • Плянуецца значна спрасьціць працэдуру афармленьня расейскага грамадзянства для суайчыньнікаў, а таксама працэдуры выдачы дазволаў на пражываньне і працу ў Расеі. Задача — выключыць ці зьвесьці да мінімуму карупцыю пры афармленьні гэтых дакумэнтаў.
  • У дакумэнце ўпершыню робіцца акцэнт на тым, што асноўныя плыні насельніцтва павінны прыцягваць канкрэтныя агламэрацыі, у якіх трэба павышаць узровень жыцьця. «Людзі заўсёды едуць туды, дзе добра», — растлумачыў ён.

Як кажа суразмоўца «Коммерсанта», павінен зьявіцца мэханізм, які дазваляе прыцягнуць у Расею як мага больш суайчыньнікаў.

Мяркуючы па заканадаўчых плянах Дзярждумы, патэнцыйнай крыніцай прытоку новых грамадзян могуць стаць Украіна і Беларусь.

Аб падрыхтоўцы і зацьвярджэньні новай Канцэпцыі міграцыйнай палітыкі ўзамен цяперашняй, прынятай у 2012 годзе да 2025 году, павінен аб’явіць Уладзімір Пуцін на VI Сусьветным кангрэсе расейскіх суайчыньнікаў, які пачынае працу 31 кастрычніка. Раней дакумэнт, распрацоўкай якога займалася МУС Расеі, зацьвердзіла ўрадавая камісія міграцыйнай палітыкі. Паводле зьаестак «Коммерсанта», куратарам працы была Адміністрацыя прэзыдэнта.

На мінулым тыдні ў Расеі ў першым чытаньні былі ўхваленыя папраўкі да закону «Аб грамадзянстве», якія спрашчаюць яго атрыманьне.

Уладзімір Пуцін у чэрвені 2018 году казаў, што ў цэлым неабходна прыцягнуць у краіну як мага больш тых, хто лічыць сябе «кроўна зьвязанымі з „русским миром“», валодае расейскай мовай, жадае працаваць у Расеі і мае «адпаведныя кампэтэнцыі».

Расея і раней актыўна выдавала расейскія пашпарты грамадзянам анэксаванага ў 2014 годзе паўвострава Крым, а таксама грамадзянам сэпаратысцкіх утварэньняў на постасавецкай прасторы, у тым ліку Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі.