30 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі пачала працу выстава графікі Яўгена Куліка — слыннага мастака, актыўнага ўдзельніка і лідэра адраджэнцкага руху, гаспадара майстэрні «На Паддашку», аднаго з арганізатараў суполкі «Пагоня». Ён сышоў у іншы сьвет напачатку 2002-га.
Як паведамляюць арганізатары, на выставе будзе выстаўлена 80 працаў, створаных мастаком на працягу 1956–2001 гадоў, выкананых у розных тэхніках графікі — малюнкі алоўкам і тушшу, пастэлі, акварэлі, лінарыты.
Таксама шырокі дыяпазон тэмаў і сюжэтаў: замалёўкі з натуры цэркваў, курганоў, млыноў; малюнкі-рэканструкцыі замкаў; вобразы князёў, ваяроў, асьветнікаў — Усяслава Чарадзея, Давыда Гарадзенскага, Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага ды іншых. Нярэдка Яўген Кулік быў першым, хто ўвасабляў у выявах знакавыя для беларусаў постаці.
Кніжная графіка прадстаўлена ілюстрацыямі да «Слова пра паход Ігараў» і паэмы Міколы Гусоўскага «Песьня пра зубра». Усе творы прасякнутыя агульнай ідэяй, адданым служэньнем беларускаму адраджэньню.
Пачатак
Яўген Кулік нарадзіўся 31 кастрычніка 1937 году ў Менску. Скончыў сталічную мастацкую вучэльню, а пасьля Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.
Вучыўся ў выдатных пэдагогаў — Льва Лейтмана, Сяргея Малішэўскага, Віталя Цьвіркі, Аляксандра Мазалёва. Ад 1963-га ўдзельнічае ў афіцыйных мастацкіх выставах, яшчэ праз два гады ўступіў у Саюз мастакоў Беларусі. Маючы жывапісную адукацыю, пасьля заканчэньня інстытуту пераарыентаваўся на графіку. Аўтар станковых аркушоў і эксьлібрысаў. Аздабляў кнігі для дзяцей і дарослых, клясыку і сучаснасьць — у асноўным беларускіх аўтараў. Працаваў мастаком у дзіцячым часопісе «Вясёлка».
Сталеньне
Яўгену Куліку ўласьцівы рамантычны погляд на беларускую мінуўшчыну часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, настальгія па часах, якія сыходзіць у нябыт пад націскам урбанізацыі і масавай культуры, але найперш трывога за лёс беларушчыны пад уціскам савецкай ідэалягічнай машыны. Апірышчы беларускасьці у ягоным разуменьні — праўдзівая гістарычная памяць і традыцыйны побыт.
Мастак паставіў творчасьць на службу нацыянальнай ідэі, скарыстоўвае кожную магчымасьць для прапаганды беларускай гісторыі і культуры.
Пік ягонай творчасьці прыпадае на 1974–1983 гады, калі зьявіліся найбольш вядомыя творы: «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны», малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі», аркушы «На куцьцю», графіка паводле Янкі Купалы і памяці Алены Кіш.
Памяць
У 1980 годзе Яўген Кулік пачынае працу з клясычным творам беларускай літаратуры «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага. На той момант ужо існавалі ілюстрацыі, зробленыя Арленам Кашкурэвічам, таму мастак уступаў у своеасаблівае спаборніцтва з мэтрам нацыянальнай графікі. Сёньня ілюстрацыі абодвух аўтараў — у шэрагу найвышэйшых дасягненьняў беларускай кніжнай графікі.
Само па сабе выданьне славутага твору лацінамоўнага паэта ў перакладзе на беларускую мову стала знакавай падзеяй для асваеньня беларусамі ўласнай культурна-гістарычнай спадчыны. Яўген Кулік выдатна скарыстаў нагоду для ўслаўленьня гераічнай мінуўшчыны. Крытыкі лічаць гэтую працу кульмінацыяй творчасьці мастака.
Годнасьць
Яўген Кулік стварыў шэраг партрэтаў гістарычных асобаў — князя Рагвалода, князёўны Рагнеды, сьвятой Эўфрасіньні Полацкай і многіх іншых. Шэраг сюжэтных кампазыцыяў прысьвечаны драматычным падзеям нацыянальнай гісторыі, у прыватнасьці, паўстаньню 1863–1864 гадоў. У суаўтарстве зь Міколам Купавам рабіў малюнкі гербаў магдэбурскага пэрыяду для кнігі Анатоля Цітова «Гарадзкая геральдыка Беларусі». Разам з Анатолем Бажэнавым маляваў гербы для кнігі «Геральдыка беларускіх местаў».
Асобнае месца ў творчай і грамадзкай дзейнасьці займае эпізод, зьвязаны са стварэньнем у 1980-м паштоўкі да 1000-годзьдзя Беларусі. Намаганьнямі беларускай дыяспары выява была растыражаваная па ўсім сьвеце. Імя аўтара (а ён адважна паставіў на мініятуры сваю манаграму) стала вядомае Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, мастака выклікалі на допыты, за ім прыставілі нагляд.
Паддашак
Ад 1960-х і да 1990-х майстэрня Яўгена Куліка была своеасаблівым клюбам апазыцыйна настроенай і нацыянальна арыентаванай інтэлігэнцыі. Менавіта тут, пад самым носам у спэцслужбаў, склаўся культурны асяродак «На Паддашку». Так яго назвалі па разьмяшчэньні — пад дахам у доме насупраць будынку КДБ.
«На Паддашку» пачыналіся самвыдавецкія публікацыі і капіяваньне забароненых ранейшых тэкстаў, рыхтаваліся выставы, арганізоўваліся пошукавыя экспэдыцыі. У сутнасьці, гэта была адна зь нешматлікіх нефармальных груповак у БССР, якая тры дзясяткі гадоў функцыянавала, нягледзячы на ўціск з боку ўладаў. У канцы 1980-х мастакі гэтага асяродку склалі ядро творчай суполкі «Пагоня». Сам Кулік прыклаў руку да шэрагу праграмных дакумэнтаў абʼяднаньня — статуту, адозваў, заяваў.
З актывізацыяй палітычнага жыцьця ў новай майстэрні Куліка на Танкавай зьбіраецца ня толькі творчая, але і палітычная апазыцыя. Тут плянаваліся акцыі Беларускага Народнага Фронту, сам Яўген Кулік браў актыўны ўдзел ня толькі ў іх мастацкім аздабленьні, але і ў рыхтаваньні праграмна-ідэалягічных дакумэнтаў БНФ.
Пагоня
У 1991 Яўген Кулік удзельнічаў у стварэньні графічнага эталёну «Пагоні» — Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Як згадвае тагачасны актывіст «Талакі» Вінцук Вячорка, яшчэ раней унікальная бібліятэка і архіў-пінакатэка мастака мелі ўсе доказы для вяртаньня спрадвечных сымбаляў.
Акрамя таго, без дапамогі і ўдзелу Яўгена Куліка не было б многіх публікацыяў на геральдычныя тэмы. «І калі цяпер мы ў думках ацэньваем, а што пра гэта сказаў бы Кулік, значыць, перад намі постаць, сувымерная іншым выдатным сынам Бацькаўшчыны», — падсумоўвае Вінцук Вячорка.
Спадчына
У апошняе дзесяцігодзьдзе жыцьця Яўген Кулік у сваёй творчасьці трымаўся ўласнай традыцыі. Тое, чым ён займаўся найперш — геральдыка, гістарычная рэканструкцыя — было бліжэй да працы навукоўца.
Спадчына Яўгена Куліка займае пачэснае месца сярод здабыткаў беларускага мастацтва другой паловы ХХ стагодзьдзя. Бясспрэчны яго велізарны ўнёсак у абуджэньне і захаваньне для нашчадкаў гістарычнай памяці.
Выстава ў Нацыянальным мастацкім музэі, якая будзе працаваць да 2 сьнежня, ёсьць данінай памяці майстру, ушанаваньнем яго неацэннага ўкладу ў разьвіцьцё айчыннага мастацтва ХХ стагодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майму біёграфу будзе лёгка». Адам Глобус пра каханак, грошы, патрыятызм і псэўданім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бронзавы звон, дзьверы сядзібы, плякаты Зянона. У Менску адкрылася выстава да 30-годзьдзя БНФ. ФОТА