Частка паседжаньняў «мюнхэнскай канфэрэнцыі ў Менску» будуць закрытымі, іншыя пройдуць у фармаце «Чатэм Гаўз», калі журналісты могуць выкарыстоўваць інфармацыю, але ня маюць права называць чалавека, які яе паведаміў.
31 кастрычніка — 1 лістапада ў Менску праходзіць сустрэча Асноўнай групы Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. На ёй выступіць і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
У асноўным сьпісе ўдзельнікаў — 90 чалавек. Сярод іх тры прэзыдэнты — Армэніі, Беларусі, а таксама прэзыдэнт Косава, які пазначаны як «палітычны дзеяч», два прэм’еры — Малдовы і Сэрбіі, чатыры міністры замежных спраў — Македоніі, Манголіі, Польшчы, Славаччыны. Была інфармацыя аб прыезьдзе ў Менск і прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, але яна пакуль не пацьверджаная афіцыйна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка зноў едзе ў Беларусь. На паседжаньне асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецыЧаму ў Менску, а ня ў Мюнхэне?
Таму што гэта розныя форумы. Сама канфэрэнцыя па бясьпецы традыцыйна праходзіць на пачатку кожнага году выключна ў Мюнхэне. Першая зь іх адбылася яшчэ ў 1962 годзе. У сталіцы Баварыі традыцыйна зьбіраюцца ўсясьветныя лідэры. Сёлета ў лютым у Мюнхэне было 500 гасьцей, зь якіх болей за 20 у рангу кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, каля 80 дзейных міністраў замежных спраў і абароны.
Канфэрэнцыя ў Менску — найперш экспэртная
Раз на год Мюнхэнская канфэрэнцыя праводзіць адмысловую сэсію па-за Мюнхэнам і ўвогуле Нямеччынай. Такая сэсія лічыцца як бы працягам самой канфэрэнцыі. Сёлета яе прымае Беларусь.
Асноўнае адрозьненьне ў тым, што ў Мюнхэне шмат дзейных палітыкаў. А па-за межамі Нямеччыны пераважна зьбіраюцца экспэрты зь міжнародных арганізацый, акадэмічнай супольнасьці і буйных «фабрык думкі».
Апошняя сустрэча ў такім фармаце прайшла летась у Вашынгтоне, ранейшыя — у Маскве, Пэкіне, Досе, Дэлі, Вене, Тэгеране і Адыс-Абэбе.
Пра што будуць дыскутаваць?
Галоўнымі тэмамі называюць праблемы бясьпекі для Ўсходняй Эўропы і Паўночнаатлянтычнага рэгіёну, пэрспэктывы Менскай пляцоўкі па Ўкраіне, лёс пагадненьняў аб кантролі над зброяй, устойлівасьць эканамічнай мадэлі Ўсходняй Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму менавіта ў Беларусі пройдзе важная сустрэча Мюнхэнскай канфэрэнцыі? Тлумачыць нямецкі палітоляг