Апазыцыйных палітыкаў могуць больш не пусьціць на футбол. Папраўкі ў заканадаўства пра «забарону наведваньня стадыёнаў» набылі сілу.
Закон аб зьменах у Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы Беларусі быў апублікаваны (PDF) 28 ліпеня. Частка пунктаў закону ўступіла ў сілу праз тры месяцы па публікацыі — у тым ліку норма аб забароне наведваць спартовыя спаборніцтвы.
Як адзначае Міністэрства ўнутраных справаў, забарона «фанатам-хуліганам» наведваць спартовыя спаборніцтвы «эфэктыўна дзейнічае ў іншых краінах», таму чакаецца, што такое пакараньне «ўзмоцніць імідж Беларусі як краіны, якая ўмее праводзіць спартовыя мерапрыемствы на найвышэйшым арганізацыйным узроўні».
За што ня будуць пускаць?
Паводле артыкулу аб адміністрацыйнай забароне наведваць спартовыя пабудовы падчас спаборніцтваў і спартовых мерапрыемстваў, такая забарона можа ўводзіцца на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў.
Але яна ўводзіцца толькі як дадатковае пакараньне за правапарушэньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйны арышт, паводле артыкулаў КаАП РБ:
- 9.1 — наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня і іншыя гвалтоўныя дзеяньні (у тым ліку якія не пацягнулі трывалай страты працаздольнасьці) або парушэньне абарончага прадпісаньня;
- 16.10 — выраб, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або продаж больш як 50 грамаў некурыльных сумесяў, прызначаных для смактаньня або жаваньня;
- 17.1 — дробнае хуліганства (у тым ліку абразьлівыя дзеяньні і парушэньне грамадзкага парадку);
- 17.3 — расьпіваньне алькаголю, у тым ліку слабаалькагольных напояў або піва або ўжываньне наркотыкаў і псыхатропных сродкаў у грамадзкім месцы, зьяўленьне нецьвярозым у грамадзкім месцы;
- 17.10 — прапаганда або дэманстраваньне нацысцкай сымболікі;
- 17.11 — выраб, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або распаўсюджваньне экстрэмісцкай прадукцыі;
- 17.14 — выраб або распаўсюджваньне матэрыялаў пра спосабы вырабу выбухоўкі;
- 23.4 — непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню службовай асобы;
- 23.34 — парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Адказнасьць паводле артыкулаў 9.1 і 17.1 наступае з 14 гадоў — магчыма, і наведваць стадыёны могуць забараніць з 14 гадоў.
Забарона не аўтаматычная, а апцыянальная. Ці трэба хулігану забараняць наведваць спартовыя спаборніцтвы, у кожным асобным выпадку вырашае суд. Абяцаюць улічваць зьмякчальныя і апраўдальныя абставіны. Папраўкі ў закон ня маюць зваротнай сілы: хто раней хуліганіў, мусіць яшчэ раз пахуліганіць, каб яму забаранілі хадзіць на матчы.
Пры гэтым кара забаронаю наведваць стадыёны не прадугледжаная для іншых правапарушэньняў — таму, напрыклад, забойцу нельга прысудзіць турму і ў дадатак забарону хадзіць на футбол.
Як ня будуць пускаць?
МУС раней плянаваў весьці асобную базу зьвестак пра тых, каму забаронена наведваць спартовыя спаборніцтвы, але адмовіўся ад такой ідэі. Будуць карыстацца адзінай дзяржаўнай базай правапарушэньняў, публікаваць сьпіс хуліганаў у адкрытым доступе не плянуюць.
Для выяўленьня фанатаў абяцаюць выкарыстоўваць «візуальнае назіраньне, сыстэму відэаманіторынгу ды іншыя прадугледжаныя заканадаўствам мэтады». Тэарэтычна магчыма, што відэакамэры на стадыёнах будуць распазнаваць твары ўсіх наведнікаў і параўноўваць іх са здымкамі з «базы хуліганаў». Але ці будзе гэта рэалізавана на практыцы, не паведамляецца.
Ці значыць гэта, што міліцыянты павінны ведаць усіх фанатаў-хуліганаў з твару, невядома. Таксама невядома, ці будуць прадаваць квіткі на спаборніцтвы тым, каму забаронена іх наведваць.
Калі ж раптам выявяць, што чалавек, якому гэта забаронена, прабярэцца на стадыён, міліцыя пагражае выкарыстаць «яшчэ больш суворыя карныя захады», у тым ліку адміністрацыйны арышт.
Але міліцыя падкрэсьлівае, што забарона на наведваньне тычыцца ўсякіх спартовых спаборніцтваў, незалежна ад тыпу і мясцовасьці. Гэта значыць, напрыклад, што футбольны хуліган са Сьветлагорску ня зможа схадзіць на маратон у Менску ці хакей у Жлобіне.
А калі са стадыёну выгналі за «Жыве Беларусь!» ці бел-чырвона-белы сьцяг, пасьля яшчэ пусьцяць?
Фармальна — не, але фактычна — так.
У Беларусі няма забароны выкарыстоўваць на трыбунах бел-чырвона-белы сьцяг або выгукаць патрыятычныя лёзунгі накшталт «Жыве Беларусь!». Але за гэта пэрыядычна затрымліваюць і выводзяць са стадыёнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анісім і Канапацкая працягваюць змагацца за статус бел-чырвона-белага сьцягаБольш за тое, за сьцяг ці лёзунг могуць затрымаць. Шэраг затрыманых на масавых мерапрыемствах сьцьвярджае, што ім прыпісвалі хуліганства (распаўсюджаная фармулёўка — «махаў рукамі, выкрыкваў нецэнзурныя словы»), калі яны нічога незаконнага не рабілі. Ёсьць і відэадоказы таго, што за нецэнзурную лаянку на мітынгу прынялі словы «я журналіст» , і гісторыі пра затрыманых міліцыяй супэргерояў са «здольнасьцямі» да тэлепартацыі, бязгучнага крыку і авацыяў адной рукой.
Сярод падставаў для забароны ёсьць і парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. А такім парушэньнем могуць прызнаць і адзіночны пікет, і збор подпісаў, і сустраканьне зьняволенага з «сутак», і «пікетаваньне праз інтэрнэт», і нават фальшывы пікет у «фаташопе». Калі захочацца, то суды змогуць забараніць хадзіць на футбол ці ня ўсім апазыцыйным палітыкам і актывістам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Футбольнае рэха «Плошчы-2010». Як у Менску гуляе аматарская каманда «Аўтазак»