«Ніхто не разьбіраецца ў гісторыі беларускай опэры лепш за мяне», — крыху самаўпэўнена канстатуе Сяргей Русецкі, але мае на тое права. Зь ягонай асабістай ініцыятывы рыхтуецца да друку беспрэцэдэнтны па ахопе энцыкляпэдычны збор, які вызначае месца і ролю беларускіх выканаўцаў опэры за апошнія чатыры стагодзьдзі.
Сяргей Русецкі — прафэсійны гісторык і шанавальнік опэрнага мастацтва больш як з 20-гадовым стажам. З часоў студэнцтва рэгулярна наведвае ў Менску Вялікі тэатар опэры і балету, не прапускае ніводнай прэмʼеры. Ведае ўвесь рэпэртуар, перагледзеў пастаноўкі з розным складам артыстаў.
Пра неабходнасьць творчых рэзыдэнцый
Скончыўшы асьпірантуру Нацыянальнай акадэміі навук па этналёгіі, Сяргей Русецкі выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі, у Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце культуры, у Беларускай акадэміі музыкі, найдаўжэй — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Да захапленьня далучыў дзясяткі сваіх студэнтаў.
Цікаўлюся: як узьнікла ідэя самому сыстэматызаваць беларускае опэрнае мастацтва? У Беларусі ёсьць людзі, якія займаюцца гэтым прафэсійна.
«Так, ёсьць дасьледчыкі, у асноўным старэйшага пакаленьня, а я проста маю час і натхненьне, — усьміхаецца Сяргей. — А калі сурʼёзна, на такія дасьледаваньні павінна быць дзяржаўная замова, гэта справа цэлага інстытуту. Зрэшты, ня варта забываць, як мала аддаецца ўвагі тэатральнаму, музычнаму мастацтву ў цэлым. Колькі сучасных канцэртных заляў пабудавана за часы незалежнасьці? Колькі канцэртных раяляў, напрыклад, у Горадні? Які заробак настаўніка музычнай школы? На жаль, гуманітарыі сёньня нікому не патрэбныя, апроч саміх сябе...»
Пра шлях да ўнутранай свабоды
Нейкі час таму Сяргей Русецкі зьмяніў месца жыхарства — пераехаў зь Менску, дзе быў пасьпяховым і любімым студэнтамі пэдагогам, у Віцебск. Там разам з прадусарам, арганізатарам канцэртаў і культурніцкіх імпрэзаў Віталём Броўкам рэалізавалі амбітны праект арт-пабу «Торвальд». Быў загадчыкам, стаяў за барнай стойкай, рабіў шмат чорнай працы.
Пасьля ўсё ж вырашыў сканцэнтравацца на творчасьці, дзеля чаго паехаў у Польшчу, уладкаваўся афіцыянтам. Кажа, што зразумелы і гнуткі графік дае шмат свабоды, якой на радзіме ня меў. Плюс — можна цалкам нармальна існаваць у побытавым пляне. «Гэта ўсё мае творчыя рэзыдэнцыі», — жартуе Сяргей.
Пра галоўную кнігу жыцьця
У гэтых «рэзыдэнцыях» ён нарэшце скончыў шасьцігадовую працу над даведнікам «Опэрныя сьпевакі Беларусі». У грунтоўны збор увайшлі біяграфіі паўтысячы выканаўцаў, якія за апошнія 400 гадоў або працавалі на тутэйшай опэрнай сцэне, або нарадзіліся ў Беларусі.
«Праект мае дзьве часткі: уласна кніжная, а ў пэрспэктыве і электронны архіў, — тлумачыць аўтар. — Таксама ўвойдуць здымкі — партрэты артыстаў і сцэнічныя фота. Ня проста энцыкляпэдыя з сухімі фактамі, але і прыгожы мастацкі альбом, які прыемна пагартаць кожнаму. Пакуль выданьне плянуецца як двухтомнік. Разьлічана ў асноўным на дасьледчыкаў, тых, хто захапляецца опэрай, хто пра яе піша. Пасьля паўстане і агульнадаступны электронны аналяг, дзе поруч зь біяграмамі і фота будуць аўдыёзапісы».
Сяргей Русецкі ўжо спрабаваў сябе ў ролі зьбіральніка зьвестак пра беларускіх выканаўцаў опэрнай сцэны, але тады праца абмяжоўвалася прызнанымі аўтарытэтамі. Неўзабаве замахнуўся на большае — сабраць пад адной вокладкай усіх сьпевакоў, вядомых ад першай згадкі пра опэру ў Беларусі.
«Ідэя нарадзілася даўно, аднак сутнасна пачала выкрышталізоўвацца, калі да 80-гадовага юбілею тэатру опэры і балету я дапамагаў ствараць „Вялікую энцыкляпэдыю Вялікага тэатру Беларусі“, — кажа Сяргей. — У той працы я браў самы актыўны ўдзел, там шмат маіх тэкстаў, плюс займаўся рэдагаваньнем. І ўжо тады падумаў, што ў абмежаваны збор абсалютна незаслужана ня ўключаныя многія выбітныя постаці, якія ў розны час услаўлялі опэрнае мастацтва нашага краю».
Тагачасны падыход да справы, мяркуе знаўца опэры, аказаўся досыць фармальны — у «залаты фонд» уключалі толькі заслужаных і народных артыстаў. Зрэшты, іначай і быць не магло, трэба было б выдаваць пяцітомнік.
«І вось у гэты момант я задумаўся пра стварэньне вялікага агульнага даведніка, які распавёў бы пра ўсіх выканаўцаў за ўсю гісторыю опэры на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Нешта падобнае ў свой час зрабілі Іван Лысенка ва Ўкраіне і Аркадзь Пружанскі ў Расеі, хоць апошні захапіў толькі дарэвалюцыйны пэрыяд», — кажа Сяргей Русецкі.
Пра пачатак беларускай опэры
Аўтарамі першай нацыянальнай клясычнай беларускай опэры лічацца кампазытар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Гарадзкі тэатар, у якім у 1852 годзе была пастаўлена камічная опэра «Сялянка» («Ідылія»), над якой якраз працаваў творчы тандэм, месьціўся на Саборнай плошчы ў Менску (цяпер плошча Свабоды). Ня так даўно ў памяць пра тую падзею ім абодвум паставілі помнік перад Ратушай.
Насамрэч опэрнае мастацтва ў Беларусь прыйшло нашмат раней. Як вынікае з архіваў, яшчэ ў другой палове XVIII стагодзьдзя цешылі публіку тэатар і музычна-опэрная школа ва ўладаньнях Сапегаў у Ружанах. 60 артыстаў і танцораў фармавалі некалькі трупаў — опэрную, балетную, драматычную і капэлу. Спачатку запрашалі музыкаў з Італіі, Францыі, Чэхіі, Аўстрыі, Нямеччыны, але паступова іх замянілі мясцовыя сяляне, якія вучыліся ў тэатральнай школе.
Пры канцы XVIII стагодзьдзя ў Слоніме была заснавана тэатральная трупа вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага. Адмыслова ўзьведзены Дом опэры меў сцэну, прыстасаваную для паказаў барочных спэктакляў, опэр і балетаў, для выхаду вялікай колькасьці сьпевакоў і статыстаў, нават баталій коньнікаў і водных фэерый.
17 верасьня 1784 году ў Нясьвіжы адбылася прэмʼера опэрнай пастаноўкі «Агатка, або прыезд пана» — адной зь першых прафэсійных опэр, створаных на беларускай зямлі. Музыку напісаў Ян Давід Голанд, капэльмайстар прыдворнай капэлы Радзівілаў, лібрэта — князь Мацей Радзівіл. Прэмʼеру прымеркавалі да візыту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
«У энцыкляпэдыі пададзеныя збольшага сухія факты, гэта не захапляльныя гісторыі пра опэрных прым і закулісьсе, — кажа Сяргей Русецкі. — Гэта даведнік, у які ўвайшлі зьвесткі пра ўсіх тых, каго я толькі мог выявіць за апошнія 400 гадоў. Натуральна, у асноўным інфармацыя па ХХ стагодзьдзі, у меншай ступені па ХІХ, і зусім адзінкавыя згадкі пра сьпевакоў, якія працавалі ў XVIII стагодзьдзі ў Нясьвіжы або ў XVII у капэле Вазаў».
Пра архіўныя таямніцы
Цікаўлюся ў суразмоўцы: зь якіх крыніцаў здабывалася інфармацыя? Якія архівы давялося «пералапачваць» найперш — беларускія ці замежныя? Нарэшце, ці выступалі «сьведкамі» колішнія артысты опэрнай сцэны?
«Практычна ўвесь матэрыял сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва, у архіве нашага Вялікага тэатру опэры і балету, — кажа дыплямаваны гісторык. — Ну, і таксама асабістыя архівы. Вось гэта, бадай, самы вялікі і самы нялёгкі кавалак працы. Кантакты з нашчадкамі або яшчэ жывымі артыстамі значна больш складаныя, чым архіўны пошук. Польскія і літоўскія архівы ў свой час былі добра адпрацаваныя Вольгай Дадзіёмавай, аднак шмат даў і актуальны бібліятэчны пошук — сучасныя друкаваныя польскія выданьні».
Зь «белых плямаў», якія пакуль ня надта ўдалося запоўніць, — праца Менскага гарадзкога тэатру ў 1941–1944 гадах, калі горад быў пад нямецкай акупацыяй.
«Лёсы тагачасных тэатральных артыстаў мне вядомыя, а вось візуальнай інфармацыі няма, — прызнаецца дасьледчык. — Мяркую, недзе ў нямецкіх архівах захоўваюцца і фатаздымкі — не валодаю мовай, на жаль, каб там грунтоўна папрацаваць. Гэтаксама пакуль для мяне не даступны архіў кампазытара Мікалая Шчаглова, які захоўваецца ў Лёндане, а ён быў галоўнай фігурай у тым тэатры».
Выхад энцыкляпэдычнага двухтомніка аўтар зьвязвае перадусім з прыватнымі кнігавыдаўцамі — яны больш гнуткія ў працэсе, які папярэднічае друку.
Пра дзяржаву і прыватніка
А чаму не разглядаецца супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі структурамі? Цалкам лягічна, каб справу прафундавала тое ж Міністэрства культуры, пад куратарствам якога працуе Вялікі тэатар опэры і балету, ці ня так?
«Напэўна, магло б, але ёсьць досьвед, які паказвае: зь дзяржавай працэс супрацы больш складаны і доўгі, — кажа аўтар. — Гэта ж закон: усё самае вартае, што робіцца ў беларускай культуры, робіцца безь яе ўдзелу. Таму разьлічваю на мэцэнатаў і ў некаторай ступені на краўдфандынг. Нашчадкі артыстаў, як толькі пачулі пра ідэю, таксама пачалі ахвяраваць. І гэта прыемна. Хоць пакуль гэта адзінкавыя выпадкі, але на вокладку ўжо маем. Калі казаць пра кнігу, выдадзім у такой паліграфічнай якасьці, на якую назьбіраем. То бок — сродкамі тых, каму гэта сапраўды цікава і трэба».
Паводле Сяргея Русецкага, будзе ўжо добра, калі б раптам зьявіўся фундатар, здольны ўзяць на сябе асьветніцкую місію — прафінансаваць рассылку часткі накладу энцыкляпэдыі ў профільныя і бібліятэчныя ўстановы.
«Я падумаў, што было б здорава, каб кніга не прадавалася, а стала цалкам некамэрцыйным праектам, — выказвае ён пажаданьне. — Калі знойдзем фундатараў, дык разашлём яе ў бібліятэкі, у адпаведныя адукацыйныя ўстановы. Раздамо жывым яшчэ артыстам, адправім у суседнія краіны, зь якімі ў нас моцныя творчыя сувязі».
Ён нагадвае, што і некалі, і цяпер опэрнае мастацтва моцна інтэграванае паміж суседзямі. Як гонар беларускай сцэны адстойвалі артысты родам зь іншых краёў, так і беларусы прыносілі славу іншым тэатрам.
«Пэўная частка герояў кнігі — этнічныя ўкраінцы. Адпаведна, украінскія тэатры, буйныя бібліятэкі яе атрымаюць. Натуральна, будзе яна і ў Вільні, і ў Варшаве, і ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў Марыінскім тэатры цяпер кожны чацьвёрты саліст — беларус. Варта назваць некалькі імёнаў, і акажацца, што гэта асноўныя зоркі: Уладзіслаў Сулімскі, Кацярына Семянчук, Ірына Гардзей, Аляксей Танавіцкі, Кацярына Шымановіч. Таму адна з мэтаў — паказаць, што беларусы трывала стаяць на 400-гадовай гісторыі элітнага і разам з тым дэмакратычнага мастацтва», — падсумоўвае Сяргей Русецкі.
Энцыкляпэдыя багата ілюстраваная фатахронікай розных часоў. На просьбу Свабоды аўтар падзяліўся выявамі выбітных артыстаў, якія былі задзейнічаныя ў найбольш значных спэктаклях нацыянальнага рэпэртуару.
Фатаздымкі ў артыкуле — з архіву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету, Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэр, які ўвасобіў Каліноўскага. 20 нечаканых фактаў пра Еўсьцігнея Міровіча ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскі тэатар паставіў Быкава. Рэжысэрка: «Хачу зразумець, як працуе масавае замбаваньне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пратэстаў супраць „Салямэі“ ня будзе», — кажа адзін з падпісантаў ліста супраць пастаноўкі