На 735 рублёў (30 базавых велічыняў) аштрафаваны 29 кастрычніка ў Менскім раённым судзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Палітыка пакаралі за ўдзел і выступ на сходзе абаронцаў Курапатаў, які прайшоў каля рэстарацыі «Поедем поедим» 9 верасьня.
Паводле Віталя Рымашэўскага, яго пакаралі за тое, што «стаяў на фоне бел-чырвона-белага сьцяга і публічна выказваў меркаваньне наконт рэстарацыі «Поедем поедим».
На працэсе судзьдзя пытаўся ў палітыка, ці зьвяртаўся ён па дазвол выказваць такое меркаваньне. «Гэта ўсё, што трэба ведаць пра беларускі суд», — пракамэнтаваў вырак Віталь Рымашэўскі.
Раней за ўдзел і выступы на сходзе 9 верасьня ў Курапатах ужо былі аштрафаваныя ягоныя ўдзельнікі: Ганна Шапуцька і Аляксей Марачкін — на 490 рублёў (20 базавых велічыняў), Алена Талстая — на 1225 рублёў (50 БВ), Валер Мазынскі — на 122 рублі 50 капеек (5 БВ).
«Маю справу разглядалі ў Цэнтральным раённым судзе Менску, але на суд я не хадзіў. Даслалі паперу, за што аштрафаваны. Што „стаяў на фоне бел-чырвона-белага сьцяга і выказваў меркаваньне пра рэстарацыю“. Будучым аналітыкам гэтай эпохі хопіць працы, у тым ліку сьмешнай», — пракамэнтаваў Свабодзе свой прысуд Валер Мазынскі.
Мастак Алесь Марачкін расказаў, што яго судзілі ў Першамайскім раённым судзе.
«З суду даслалі дзіўную фармулёўку „дэманстрацыйна стаяў на фоне бел-чырвона-белага сьцяга пры адсутнасьці складу злачынства“. Дзякуй, хоць за гэта ў крымінальнікі не залічылі».
У сходзе 9 верасьня ў Курапатах бралі удзел больш за 100 чалавек. На сходзе аднагалосна было прынятае рашэньне працягваць пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» прынамсі да восеньскіх Дзядоў.
«Усе падзеі і ўсе выступы на сходзе здымалі міліцыянты ў цывільным, прычым ня тыя, хто звычайна працуе з камэрамі ў Курапатах, мы іх усіх ведаем, а іншыя. Відаць, быў загад падрыхтаваць зьвесткі пра выступоўцаў і судзіць іх ў розных судах. Гэтак цяпер і адбываецца», — мяркуе кіраўніца ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька.
Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» у Курапатах пачалося з чэрвеня. На мітынгу 28 кастрычніка абаронцы Курапат вырашылі працягваць пікетаваньне і ўзімку.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.