Парашэнка зноў едзе ў Беларусь. На паседжаньне асноўнай групы Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ўзначаліць украінскую дэлегацыю на паседжаньні асноўнай групы Мюнхенскай бясьпекавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца ў Менску з 31 кастрычніка па 1 лістапада, паведаміў 112 канал.

Украінскія СМІ зьвяртаюць асаблівую ўвагу на тое, што паседжаньне групы Мюнхенскай бясьпекавай канфэрэнцыі ўпершыню адбудзецца не ў заходняй краіне.

Паводле папярэдняй інфармацыі, свой удзел у форуме пацьвердзілі Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Армэніі Армен Саргсьян, прэм’ер-міністар Сэрбіі Ана Брнабіч і прэм’ер-міністар Малдовы Павел Філіп. Да абмеркаваньняў пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне далучацца таксама міністры замежных спраў Македоніі, Манголіі, Польшчы і Славакіі.

Згодна з праграмай, на паседжаньні будуць абмяркоўвацца праблемы бясьпекі ў краінах Усходняй Эўропы і Эўра-Атлянтычнага рэгіёну, у тым ліку, пэрспэктывы Менскага працэсу разьвязаньня канфлікту на Данбасе, дачыненьняў Усходу і Захаду, а таксама пагадненьняў аб звычайным і ядзерным узбраеньні ў рэгіёне.

Кіраўнік Мюнхенскай бясьпекавай канфэрэнцыі (МБК) Вольфганг Ішынгэр такім чынам патлумачыў выбар месца правядзеньня паседжаньня:

«Узаемны давер у рэгіёне зьнізіўся да мінімуму, якога не бачылі з часоў халоднай вайны. У сувязі з гэтым МБК не магла абраць лепшага месца для правядзеньня сёлетняй сустрэчы. Менск гістарычна быў месцам, дзе на міжнародным узроўні намагаліся разьвязваць канфлікты і крызісы».

Паводле інфармацыі Свабоды, у адзін з дзён удзельнікаў мерапрыемства запрасілі на вячэру ў царкву Ўсіх Сьвятых у Менску, дзе настаяцелем працуе духаўнік Аляксандра Лукашэнкі — пратаіерэй Фёдар Поўны, які адразу пасьля Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы ў Менску абвясьціў аб прыпыненьні дачыненьняў з Канстантынопальскім патрыярхатам пасьля ягонага дазволу стварыць ва Ўкраіне адзіную памесную праваслаўную царкву, незалежную ад РПЦ.