Размаўляць пра гамафобію, а не замоўчваць яе. Што казалі на вечарыне памяці забітага гея Пішчэўскага

Зьлева направа: Тацяна Сяцко, Андрэй Завалей і Яніс Саар

Міхаіл Пішчэўскі быў жорстка зьбіты ў траўні 2014-га на выхадзе з гей-вечарыны і памёр больш чым праз год, пасьля працяглай комы, апэрацыі выдаленьня часткі мозгу і знаходжаньня ў шпіталі.

Паводле ўсіх прыкмет гэта была не выпадковая бойка, а напад на чалавека з прычыны ягонай сэксуальнай арыентацыі. Тым ня менш суд у дзеяньнях абвінавачанага не прызнаў варожасьці на глебе гамафобіі.

Вечарына памяці Міхаіла Пішчэўскага прайшла ў менскай Галерэі «Ў» 27 кастрычніка.

Няўтульная заля, нязручная тэма

Прасторная заля «Галерэі Ў» сустрэла холадам і вольнымі месцамі — больш за палову крэслаў не былі занятыя. На сустрэчу прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод іх прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Францыі і Швэцыі, Інстытуту Гётэ, актывісты і прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасьці, неабыякавыя людзі.

Людзі грэюцца ля цеплавой пушкі

Амаль усе сядзелі ў цёплай вопратцы, колькі маладзёнаў у перапынках грэліся ля цеплавой гарматы. Гэтае памяшканьне — нібы мэтафара: такое ж некамфортнае, халоднае і няўтульнае, як гамафобнае грамадзтва для тых, каго называюць «сэксуальнай меншасьцю».

Не дапусьціць, каб гісторыя Мішы была забытая, і паказаць, якімі простымі дзеяньнямі беларусы могуць аб’ядноўваць свае намаганьні ў барацьбе з гамафобіяй, — такія мэты сустрэчы бачылі арганізатары.

Міхась Пішчэўскі як беларускі Мэт Шэпард

З уступным словам выступіла часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур. Яна падзякавала ўсім, хто прыйшоў, і ад імя амбасады вітала намаганьні мясцовых ЛГБТ-актывістаў, якія «супрацьстаяць стэрэатыпам і прадузятасьці» і распаўсюджваюць інфармацыю пра злачынствы на глебе нянавісьці, якія «часта застаюцца па-за публічнай увагай».

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур (зьлева)

«Чым больш мы ўсе разумеем вытокі нянавісьці, якія стаяць за гэтымі злачынствамі, тым больш мы разам зможам будаваць грамадзтва цярпімасьці і павагі ў дачыненьні адзін да аднаго, незалежна ад таго, што нас аб’ядноўвае ці таго, чым мы адрозьніваемся. Гісторыя Мэта Шэпарда невымоўна цяжкая і сумная, але яна гаворыць пра нас і для нас», — кажа Джэніфэр Мур.

Джэніфэр Мур прадставіла амэрыканскі фільм «Мой сябар Мэт Шэпард» (Matt Shepard is a Friend of Mine).

Дакумэнтальная стужка «Мой сябар Мэт Шэпард» складаецца з архіўных фота, — відэаматэрыялаў і інтэрвію з роднымі і блізкімі забітага ў ЗША гея Мэт’ю Шэпарда. Яна апавядае гісторыю забойства, якое, як адзначыла Джэніфэр Мур, «стала адным з самых гучных і рэзанансных у ЗША і прывяло да зьмяненьня амэрыканскіх законаў, што дазволіла расьсьледаваць злачынствы на глебе нянавісьці па прыкметах сэксуальнай і гендэрнай арыентацыі, а таксама інваліднасьці».

Амэрыканец Мэт Шэпард, якога таксама забілі з прычыны ягонай гендэрнай арыентацыі

Цішотка з партрэтам Пішчэўскага, які намалявала Ганна Крук. Яе можна набыць у краме Symbal.by

Арганізатар сустрэчы Андрэй Завалей, каардынатар грамадзкай кампаніі памяці Мішы Пішчэўскага «Справа ПІ» кажа, што ён вельмі шкадуе, што гісторыя Мішы ў Беларусі ня стала гісторыяй Мэта Шэпарда ў Штатах.

«Каб больш беларусаў даведаліся пра гэту трагедыю, мы разам з symbal.by стварылі майку з партрэтам Мішы.

Яна ўяўляе сабой арт-аб’ект, зь якім кожны можа ўзаемадзейнічаць — рабіць нашыўкі, расфарбоўваць яе, — гаворыць Андрэй Завалей. — Вы можаце набыць і насіць яе ўжо сёньня. Гэта будзе своеасаблівым уключэньнем у рэальнасьць таго, што ў нашым кантэксьце застаецца нябачным».

Лісты Мішу Пішчэўскаму

У кутку залі знаходзілася інтэрактыўная мэмарыяльная пляцоўка, куды можна было падысьці і напісаць ліст Мішу. Пісаць лісты заклікалі і напярэдадні сустрэчы, і другая частка вечара памяці пачынаецца з чытаньня лістоў, напісаных удзельнікамі.

Пляцоўка, дзе можна было напісаць ліст Мішу

Некаторыя скарысталіся такой прапановай.

«Ужо тры гады прайшло, як цябе няма. (...) Цябе забілі не праз тваю арыентацыю, а празь нянавісьць. Нянавісьць, заснаваную на неразуменьні. На нежаданьні і няздольнасьці паставіць сябе на месца іншага. Мне неймаверна сумна, што людзі не заўжды ўсьведамляюць, што ўсе мы роўныя. (...) Падумай, Міша, калі б мы толькі глядзелі на людзей навокал, як на саміх сябе, як на нашых сваякоў і сяброў, колькі б чалавек працягвалі дыхаць цяпер. (...) Я толькі малю, Міша, каб твой выпадак прымусіў задумацца гэтак жа, як мяне, хаця б 10 тысяч чалавек або хаця б тузін..»

— урыўкі аднаго зь лістоў за подпісам «твой лейтэнант рэзэрву Скапцоў», які зачытаў актор і журналіст «Свабоднага тэатру» Кірыл Калбасьнікаў.

Лісты прасякнутыя болем, страхам, злосьцю, сумам, безнадзейнасьцю. У іх пра трагедыю, якая здарылася зь Мішам, пра іншыя асабістыя ЛГБТ-гісторыі і нават пра Беларусь і грамадзтва з усімі яго праблемамі.

Чытаньне лістоў да Мішы

«Наша краіна, як той 37-ы тралейбус: быццам едзеш, нікога не чапаеш, ні на кога не зьвяртаеш увагі, а калі бачыш старую, якой варта саступіць месца, робіш выгляд, што сьпіш», — напісала ў сваім лісьце журналістка Яўгенія Доўгая.

Беларускі квір-актывіст Яніс Саар, перш чым зачытаць свой ліст да Мішы, расказвае пра іншы, які калісьці напісаў сабе: «Мне было 13, і я прасіў Бога пазбавіць мяне ад маёй негетэрасэксуальнасьці».

«Пішучы такія лісты, малюючы, ствараючы каляжы, мы можам трансфармаваць свае нэгатыўныя эмоцыі ў нешта канструктыўнае, поўнае жыцьцёвай энэргіі, у канкрэтныя дзеяньні», — камэнтуе выбар фармату «мэдытатыўнай практыкі і арт-тэрапіі» Андрэй Завалей. І пазьней дадае: «ЛГБТ-актывізм, як і іншыя віды актывізму, гэта проста рай для эмацыйнага выгараньня: татальная пагарда і абясцэньваньне тваёй праблемы, твайго жыцьця ў прынцыпе — гэта прыгнятае».

Андрэй Завалей (зьлева) і Яніс Саар

Рэцэпты ад гамафобіі

У часе дыскусіі гаварылі аб праблеме злачынстваў на глебе гамафобіі і трансфобіі ў Беларусі і тых канкрэтных кроках, якія кожны чалавек можа зрабіць, каб ня даць гісторыі Міхаіла Пішчэўскага паўтарыцца.

Кіравала дыскусіяй актывістка Тацяна Сяцко, удзельніца праекту Makeout, суарганізатарка фэміністычнай бібліятэкі Gender Library; галоўныя сьпікеры — Андрэй Завалей і Яніс Саар. Сьпікеры дзяліліся думкамі аб праблеме гамафобіі і шляхах яе вырашэньня, расказвалі пра розныя ЛГБТ-ініцыятывы і праекты, а таксама пра ўласны досьвед. Людзі з залі далучаліся да гутаркі — дзяліліся думкамі, уражаньнямі ад сустрэчы, задавалі пытаньні.

«Рэцэпт» змаганьня з гамафобіяй у беларускіх умовах, што гучаў на сустрэчы найбольш часта, — гэта шлях «маленькіх спраў», якія штодня можа рабіць кожны чалавек.

«Бо нават калі забараніць гамафобію заканадаўча (што было першапачатковай мэтай кампаніі „Справа ПІ“), яе ня стане менш — людзі проста перастануць пра гэта адкрыта варожа выказвацца, але не перастануць у глыбіні душы адчуваць гэтую варожасьць», — гаворыць Андрэй Завалей.

Таму трэба факусавацца на простых размовах зь людзьмі і простых справах. «Па-добраму тлумачыць, што гамафобія — гэта не о’к, што людзі паміраюць праз гэта. Казаць пра гэта, распаўсюджваць інфармацыю; дзе толькі можна, выказваць сваю пазыцыю супраць гамафобіі», — кажа актывіст Яніс Саар.

З залі гучалі гісторыі, якія пацьвярджалі гэтую думку. Студэнт Паша, які раней ня ведаў гісторый Мішы і Мэта і прыйшоў паглядзець фільм, расказвае, як на занятках па ангельскай мове ва ўнівэрсытэце завёў гутарку аб праблеме гамафобіі.

Паша

«І ўсе ў аўдыторыі адразу крыху напружыліся (...) Але ў выніку нашай дыскусіі рыторыкі, якія гучалі спачатку як „гэта ненармальна і гэта трэба лячыць“, зьмяніліся здаровымі думкамі», — кажа Паша. Ён лічыць, што для кожнага важна хаця б у коле сяброў, знаёмых уздымаць такія тэмы, паколькі «большасьць з нас носіць маскі і дасюль знаходзіцца пад уплывам меркаваньняў мінулага, нашых бацькоў і дзядоў, якія пра гэта ня ведалі і не прымалі гэтага».

У залі ляжалі буклеты, налепкі, створаныя кампаніяй «Справа ПІ», і ў якасьці адной «маленькай справы» Андрэй Завалей прапаноўвае браць і распаўсюджваць іх, каб інфармаваць людзей аб праблемах гамафобіі.

«Кожны можа стаць „агентам ПІ“. Мы ня людзі, якія проста сядзяць у кабінэце, мы ходзім па вуліцы і, напрыклад, клеім налепкі», — кажа ён пра ініцыятыву кампаніі «Справа ПІ».

Кожны можа ўключыцца ў кампанію супраць гамафобіі, далучыцца да розных ініцыятываў, арганізацый, групаў, ды і «каб казаць нешта пра гамафобію, не абавязкова запісвацца ў ЛГБТК-актывісты», — гаворыць Яніс Саар.

Беларускі кантэкст праблемы гамафобіі

​На сустрэчы зайшла гутарка і пра «беларускі кантэкст» праблемы, які адрозьніваецца ад амэрыканскай ці іншай рэальнасьці.

«Мы ня выключаныя зь міжнароднага дыялёгу аб праблеме, але нам не даюць знайсьці свой шлях — праз ізаляцыю, ціск. Нам трэба шукаць сваё і знаходзіць сваю ідэнтычнасьць — беларускую гейскую ідэнтычнасьць», — лічыць Андрэй Завалей. І Яніс Саар пагадзіўся зь ім, што «структура ідэнтычнасьці ў беларусаў вельмі размытая і слаба структураваная».

Тацяна Сяцко і Андрэй Завалей

На пытаньне з залі: «Чаму для вас такая важная нацыянальная ідэнтычнасьць і як гэта зьвязана з гамафобіяй?» Андрэй Завалей адказаў, што бачыць вельмі шмат падобнага ў тым, як прыгнятаюць ЛГБТ і беларускамоўных людзей у Беларусі.

«Калі кажаш нешта пра сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, ты адчуваеш такі ж прэсінг большасьці», — дадае ён.

​Падсумоўваючы, Завалей сказаў, што перад кожным чалавекам стаіць выбар: знаходзіцца ў камфортнай сытуацыі, прыстасоўвацца — або ўвесь час «выходзіць да людзей», спрабаваць ім нешта расказаць. На ягоную думку, «задача любога разумнага чалавека — прымусіць людзей вакол цікавіцца нечым, што выходзіць за межы зоны камфорту».

«Свабода чалавека — гэта магчымасьць нешта мяняць у сваім жыцьці», — сказаў Андрэй Завалей. Што да вонкавых зьменаў, важна быць шчырымі з самімі сабой: «мы мала што можам зьмяніць па-за зонай сваёй „бурбалкі“, таму трэба яе пашыраць і павялічваць, — лічыць Андрэй Завалей. — Пры гэтым не ператвараючы сваё жыцьцё ў драму з дрэнным фіналам, не даводзячы сябе да стану адчаю, не займаючыся самаруйнаваньнем. Трэба берагчы сябе».

Забойства Міхаіла Пішчэўскага. Што важна ведаць

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

  • Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году праходзіла гей-вечарына, на якую прыйшоў і Міхаіл Пішчэўскі.
  • Былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, і жорстка зьбіў Пішчэўскага.
  • Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у стане комы, перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі. Памёр 27 кастрычніка 2015 году.
  • Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», але хутка выпусьцілі па амністыі.
  • Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд. Лукашэвіч папрасіў суд «строга яго не караць». Яго асудзілі да 3 год пазбаўленьня волі і кампэнсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысьць сям’і Пішчэўскага. Аднак менш чым праз год Лукашэвіч зноў апынуўся на волі.
  • Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяньнях Зьміцера Лукашэвіча варожасьці на глебе гамафобіі.
  • Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зьявіцца.
  • Вясной 2017 году была заснаваная грамадзкая кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зьменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадзтве і спыніць ігнараваньне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.