Што варта ведаць пра эканоміку Нарвэгіі, яе сыстэму падаткаабкладаньня, сацыяльнае забесьпячэньне і найбольшы ў сьвеце пэнсійны фонд? Чаму нарвэжцы не далучыліся да Эўразьвязу? Пра гэта і пра шмат што іншае гутарым з Тар’ей Хаўнэсам (Tarjei Havnes), прафэсарам эканомікі ва Ўнівэрсытэце Осла, дырэктарам Інстытуту дасьледаваньняў бюджэту і падаткаабкладаньня пры катэдры эканомікі гэтага ўнівэрсытэту.
Аматарам эканамічнай і іншай статыстыкі даем таксама жменю асноўных зьвестак з самага сьвежага выданьня Цэнтральнага статыстычнага бюро Нарвэгіі «This is Norway 2018».
— Прафэсар Хаўнэс, большасьць людзей чула пра Нарвэгію, што гэта багатая і заможная краіна і што львіная доля гэтай заможнасьці паходзіць з экспарту нафты і газу. Ці так яно насамрэч?
— Гэта напэўна праўда, што нафтавыя і газавыя рэсурсы ў Паўночным моры зьяўляюцца важным складнікам нарвэскай эканомікі і дазваляюць нам вялікую свабоду дзеяньняў у ёй. Але адначасова трэба мець на ўвазе, што нашы нафтавыя і газавыя рэсурсы, хоць і вялікія, не зьяўляюцца найбольшай часткай багацьця Нарвэгіі, якое складаюць галоўным чынам чалавечы капітал і працоўная сіла. Помнячы пра важнасьць нафты і газу для нарвэскай эканомікі, мы не павінны забываць, што іншыя яе складнікі — ня менш важныя.
У Нарвэгіі, якая мае паверхню амаль у два разы большую за Беларусь, жыве 5,3 мільёна чалавек. Сярэдняя шчыльнасьць насельніцтва — 16,5 чалавек на квадратны кілямэтар. 17% насельніцтва краіны — імігранты, народжаныя за мяжою, або дзеці
бацькоў-імігрантаў
, народжаныя ўжо ў Нарвэгіі.
— Мы таксама чуем, што Нарвэгія належыць да найбольш дарагіх краінаў у сьвеце. Можаце патлумачыць, што значыць гэтая этыкетка?
— Так, Нарвэгія належыць да самых дарагіх краінаў на сьвеце, хоць параўноўваць такія рэчы — справа ня з самых лёгкіх. Але калі браць пад увагу парытэты пакупніцкай здольнасьці або нешта простае, — напрыклад, індэкс Біг-Мака, — то акажацца, што нарвэскія цэны сапраўды вельмі высокія ў параўнаньні зь іншымі краінамі. Гэта не павінна зьдзіўляць, калі ўлічыць, што сярэдні даход у Нарвэгіі таксама даволі высокі — а гэта значыць, што пакупніцкая здольнасьць людзей у Нарвэгіі вышэйшая, чым у іншых краінах.
Другая справа — у Нарвэгіі даволі высокае падаткаабкладаньне, і яно таксама цісьне на ўзровень цэн у краіне, прынамсі на некаторыя сфэры эканомікі. Напрыклад, цэны на рынку нерухомасьці ўзрасьлі вельмі рэзка за апошнія 25 гадоў, і яны ў Осла цяпер параўнальныя з цэнамі нерухомасьці ў найбольшых гарадах Заходняй Эўропы. Таксама некаторыя прадукты харчаваньня ў Нарвэгіі значна даражэйшыя, чым у іншых краінах — перш за ўсё таму, што ўрад вельмі моцна ахоўвае сваю харчовую прамысловасьць тарыфамі і сыстэмай квотаў.
— І трэцяя рэч, якую замежнікі звычайна адзначаюць пра Нарвэгію, датычыць якраз высокіх падаткаў і сувязі нарвэскага падаткаабкладаньня з сыстэмай сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва. Што варта ведаць пра сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня ў Нарвэгіі?
— Агульна можна сказаць, што нарвэскія падаткі даволі высокія, хоць якраз падатак на даход у Нарвэгіі ня вельмі высокі, калі параўноўваць зь іншымі краінамі. Але мы маем таксама 25-адсоткавы падатак на даданую вартасьць (VAT) на спажывецкія тавары. Калі узяць пад увагу дзяржаўны сэктар нарвэскай эканомікі, з выключэньнем нафтавай сфэры, дык акажацца, што падаткі ў Нарвэгіі дасягаюць 60% ад даходаў, а гэта сапраўды высокі паказьнік у параўнаньні зь іншымі краінамі.
На маю думку, адна з важнейшых прычынаў існаваньня такіх падаткаў — высокі ўзровень разьвіцьця сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня і моцны палітычны кансэнсус у Нарвэгіі адносна гэтай сыстэмы. То бок людзі і палітыкі хочуць, каб урад забясьпечваў моцную сацыяльную дапамогу насельніцтву. А гэта значыць, напрыклад, што людзі, якія адсутнічаюць на працы з прычыны хваробы, атрымліваюць 100% свайго нармальнага заробку цягам поўнага году. Гэта вельмі шчодрая сыстэма і яна, зразумела, вельмі дарагая. Іншыя часткі сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня таксама салідна падтрымліваюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Напрыклад, максымальная аплата, якую тыповыя дзіцячыя садкі і ясьлі ў Нарвэгіі могуць узяць ад бацькоў, недзе 300–400 эўраў за месяц, што зьяўляецца даволі нізкай цаной. У гэтым выпадку таксама існуе моцны палітычны кансэнсус, што апека над дзецьмі павінна атрымліваць значныя субсыдыі зь бюджэту.
Амаль 60% дзяцей у Нарвэгіі нараджаюцца
па-за
шлюбам. 30% усіх партнэрскіх параў жывуць без фармальнага шлюбу. 54% дзяцей хрысьцяць у касьцёле. Найбольш папулярныя імёны — Сафія і Якуб (Sofie, Jakob). Дзеці нараджаюцца для штораз старэйшых маці. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэньні першага дзіцяці — 29,3 гадоў.
Гэта некаторыя прычыны, чаму ў нас такія высокія падаткі. З аднаго боку, моцнае сацыяльнае забесьпячэньне, з другога — урад плаціць цалкам або даплачвае за пастаўку немалой колькасьці тавараў і паслуг з прыватнага рынку. Інакш кажучы, некаторыя сэктары эканомікі, якія ў іншых краінах кіруюцца правіламі прыватнага рынку і не ўваходзяць у дзяржаўны бюджэт, у Нарвэгіі атрымліваюць вялізныя бюджэтныя субсыдыі.
Агульна кажучы, найбольшыя выдаткі зь бюджэту Нарвэгіі ідуць на пэнсійную сыстэму і сыстэму сацыяльнага забесьпячэньня. Гэтыя выдаткі, дарэчы, увесь час узрастаюць, бо наша насельніцтва старэе. У гэтым жа кантэксьце мы можам згадаць і сыстэму аховы здароўя. У Нарвэгіі большасьць паслуг у гэтай сфэры аказваюць задарма або пры невялікай даплаце з боку пацыентаў.
— Калі вы згадалі пра пэнсійную сыстэму ў Нарвэгіі, дык скажыце, што нам трэба ведаць пра Дзяржаўны пэнсійны фонд Нарвэгіі (Statens pensjonsfond) і яго легендарнае багацьце?
— Гэты фонд складаецца зь дзьвюх частак: адна частка — унутраная, якая ня надта вялікая, і другая — міжнародная, якая вельмі вялікая. Вартасьць гэтай другой часткі — каля 1 трыльёна даляраў, то бок каля 200 тысяч даляраў на душу насельніцтва Нарвэгіі.
Гэта быў геніяльны ход некаторых дзяржаўных бюракратаў і палітыкаў, якія ў свой час стварылі сыстэму, дзе падатак на даход ад экспарту нафты (нафтавы падатак у Нарвэгіі — 78%) накіроўваецца ў гэты фонд. Існуюць строгія правілы, як карыстацца капіталам з гэтага фонду. Нядаўна парлямэнт прыняў закон аб зьмяншэньні з 4% да 3% максымальнай вышыні сродкаў з гэтага фонду, якія ўрад можа выдаткаваць за год.
Пра гэты фонд варта адзначыць дзьве рэчы. Па-першае, магчыма было сабраць такі вялізны капітал на працягу гадоў дзякуючы высокім даходам з продажу нафты, у тым ліку часткова дзякуючы вельмі высокім цэнам на нафту ў сярэдзіне 2000-х. Па-другое, вельмі важным аказалася рашэньне інвэставаць капітал фонду ў міжнародны фондавы рынак і міжнародныя аблігацыі. І нам яшчэ пашанцавала ў тым, што перад апошнім міжнародным фінансавым абвалам было прынятае палітычнае рашэньне пабольшыць да 75% долю капіталу пэнсійнага фонду Нарвэгіі ў міжнародных акцыях і аблігацыях. Значыць, калі міжнародны фондавы рынак абваліўся, наш пэнсійны фонд закупіў велізарную колькасьць акцый на працягу некалькіх гадоў, калі той рынак знаходзіўся ніжэй свайго звычайнага ўзроўню, і потым моцна скарыстаў на тым, калі цэны акцый і аблігацый зноў пайшлі ўверх.
Сярэдняя працягласьць жыцьця ў Нарвэгіі: 80,9 гадоў для мужчын, 84,3 гадоў для жанчын. Амаль 80% нарвэжцаў паведамляюць, што жывуць ў добрым здароўі.
— Ці з гэтага фонду урад Нарвэгіі мае права выплачваць толькі пэнсіі, ці, можа, выдаткоўвае грошы і на нешта іншае?
— Добрае пытаньне. Гэта намінальна пэнсійны фонд, але насамрэч зь яго можна браць грошы на любыя бюджэтныя выдаткі — напрыклад, на скарачэньне падаткаў, сацыяльныя праграмы і іншыя рэчы. Як мне здаецца, ён называецца пэнсійным фондам таму, што ў палітычнай ідэі яго існаваньня важную ролю адыгрывае пераемнасьць пакаленьняў. Палітычная ідэя такая, што фонд мае папаўняцца ўвесь час і існаваць вечна, а таму штогод дазволена выдаткоўваць зь яго ня больш за 3% капіталу.
— Гаворачы пра пэнсіі, якую долю свайго заробку ў працаздольным веку атрымоўвае ў сярэднім нарвэжац на пэнсіі?
— Гэта залежыць ад шмат якіх фактараў, але агульна можна сказаць, што яго пэнсія будзе роўная прыблізна 60–65% ягонай зарплаты.
У 2017 годзе працоўная сіла Нарвэгіі налічвала 2,8 мільёнаў чалавек. Жанчыны складалі 47% гэтай сілы. Сярэдняя месячная зарплата была 47 140 нарвэскіх кронаў ($5650) для мужчын і 40 860 нарвэскіх кронаў ($4900) для жанчын.
— Дарэчы, які статутны пэнсійны ўзрост у Нарвэгіі?
— 67 гадоў для мужчын і жанчын. Але магчыма таксама атрымаць пэнсію ў 62 гады, хоць у гэтым выпадку пэнсія будзе ніжэйшая, чым пры статутным узросьце.
— Чаму такая значная частка эканомікі Нарвэгіі, калі параўнаць зь іншымі заходнеэўрапейскімі краінамі, знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці і кіраваньні?
— Сапраўды, бюджэтны сэктар у эканоміцы Нарвэгіі даволі вялікі — напрыклад, дзяржава фінансуе амаль поўнасьцю службу аховы здароўя, вышэйшую адукацыю, выдзяляе датацыі для закупкі насельніцтвам шмат якіх прыватных паслуг. Дзяржава таксама мае мажарытарны пакет акцый у такіх ранейшых дзяржаўных манапалістах, як Statoil (цяпер перайменаваны ў Equinor) і Telenor. Палітычныя сілы Нарвэгіі надалей моцна падтрымліваюць дзяржаўную ўласнасьць у эканоміцы як адзін з рычагоў уплыву на прыватны рынак.
Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) у Нарвэгіі ў 2017 годзе дасягнуў адзнакі 3,3 трыльёна нарвэскіх кронаў ($395 мільярдаў). ВУП у пераліку на душу насельніцтва ў Нарвэгіі вышэйшы на 48% за сярэдні ВУП на душу насельніцтва ў Эўразьвязе.
Узровень дзяржаўнай карупцыі ў Нарвэгіі даволі нізкі, таму, як мне здаецца, людзі давяраюць ураду як уладальніку прадпрыемстваў і пастаўніку паслуг. Калі паглядзець на службу аховы здароўя, то, нягледзячы на дэбаты, ці і як падзяліць яе паміж дзяржаўным і прыватным сэктарамі, значная частка насельніцтва лічыць, што дзяржава забясьпечвае добрую ахову здароўя. Для людзей праблема хутчэй у тым, як зрабіць цяперашнюю службу аховы здароўя таньнейшай або больш эфэктыўнай, а ня ў тым, як памяняць форму яе ўласнасьці.
Можна таксама прывесьці такі аргумэнт: калі дзяржава гарантуе людзям заможнае жыцьцё, дык давер да яе вялікі, а значыць, мала хто будзе ставіць пад сумнеў дзяржаўную эканамічную палітыку, у тым ліку датычную да формы ўласнасьці ў эканоміцы.
— Скажыце, чаму нарвэжцы адхілілі прапанову далучыцца да Эўразьвязу ў двух рэфэрэндумах, у 1972 і 1994 гадах? Яны чагосьці баяліся?
— Я ня браў удзелу ў першым рэфэрэндуме і быў даволі малады, калі адбыўся другі, таму не магу падзяліцца асабістымі адчуваньнямі, але мне здаецца, што нарвэжцы моцна скептычныя ў адносінах да Эўразьвязу. Часткова гэта зьвязанае з нашымі пачуцьцямі нацыяналістычнага тыпу — мы ня хочам пазбыцца нацыянальнага сувэрэнітэту ў некаторых сфэрах палітыкі. Заклапочанасьць выклікае таксама пытаньне, што здарылася б з нашымі вытворчасьцямі, калі б ім давялося апынуцца ў абставінах свабоднай канкурэнцыі на эўрапейскім рынку. Асаблівую заклапочанасьць выклікаюць сельскагаспадарчыя вытворчасьці.
Нарвэскі нафтавы дырэктарат ацэньвае, што ў кантынэнтальным шэльфе краіны ўсё яшчэ застаюцца рэсурсы нафты і газу роўныя 8,5 мільярдам кубічных мэтраў (у нафтавым эквіваленце). Да 2017 году Нарвэгія здабыла з свайго кантынэнтальнага шэльфу 7,1 мільярдаў кубічных мэтраў нафты і газу (у нафтавым эквіваленце). Інакш кажучы, больш чым палова выяўленых нарвэскіх залежаў нафты і газу ўсё яшчэ застаецца для здабываньня ў будучыні.
Сказаўшы гэта, трэба таксама адзначыць, што нарвэскія палітыкі далучылі краіну да Эўрапейскай эканамічнай зоны (European Economic Area), што цягне за сабою нямала такіх самых абавязаньняў, як у выпадку поўнага сяброўства ў Эўразьвязе.
Але на сёньняшні дзень насельніцтва Нарвэгіі, як мне здаецца, адчувае, што далучэньне да Эўразьвязу і ўваход у зону эўра зьвязаныя зь вялікай рызыкай, будуць шмат каштаваць і не вядома ці прынясуць чыстую карысьць. Можна сказаць, што прынамсі ад 1994 году, калі адбыўся апошні рэфэрэндум аб далучэньні да Эўразьвязу, Нарвэгія заставалася адносна багатай краінай, якая магла сабе дазволіць не інтэгравацца цалкам з эўрапейскім рынкам праз поўнае сяброўства ў Эўразьвязе.
— То бок у Нарвэгіі няма ніводнай палітычнай партыі, якая выступала б за інтэграцыю з Эўразьвязам?
— Насамрэч пераважная частка палітычнай эліты і палітыкаў у парлямэнце за тое, каб далучыцца да Эўразьвязу. Аднак, як сьведчаць апытаньні грамадзкай думкі, большасьць насельніцтва супроць далучэньня, таму гэтае пытаньне публічна ў Нарвэгіі не абмяркоўваецца.