Прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі 29 кастрычніка сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы незалежнасьці на мерапрыемстве да 100-годзьдзя савецкага камсамолу — ВЛКСМ.
«Трэба вызначыцца нарэшце з тымі напрамкамі, у якіх будзе працаваць моладзь», — перадае БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі, адрасаваныя чальцам БРСМ.
У якасьці прыкладу такіх напрамкаў ён прывёў студэнцкія атрады, якія дазваляюць «акунуцца ў фізычную працу і ня толькі», «вучыцца зарабляць першы рубель для сябе» — і гэты напрамак «у добрым сэнсе слова манапалізаваны нашым саюзам моладзі». Ён таксама загадаў вызначыцца «хоць на ўзроўні закону» з тым, «якой уладай мы сёньня можам надзяліць моладзь, у чым яны могуць стаць памочнікамі дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура абвінаваціла БРСМ у парушэньнях пры фармаваньні студатрадаў«Яны [БРСМ] павінны ўнесьці прапановы, зыходзячы ўжо са свайго, хай невялікага, досьведу, што мы можам зрабіць і чаго яны хочуць, — казаў Лукашэнка пра наданьне ўлады БРСМ. — А мы, улада, павінны адказаць на гэтае пытаньне законамі, указамі, распараджэньнямі, каб надзяліць нейкімі ўладнымі паўнамоцтвамі, мякчэй скажам, правамі гэтую моладзевую арганізацыю».
Чальцам БРСМ ён сказаў «зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова па-сапраўднаму баяздольнай». Але дадаў: «цягнуць гвалтам» у арганізацыю нікога ня трэба: галоўнае — гэта ўплываць на моладзь, якая засталася па-за арганізацыяй.
Лукашэнка заявіў, што ў Другую сусьветную вайну «камуністы і камсамольцы ішлі наперад», і заявіў, што ў выпадку вайны разьлічвае на БРСМ.
«Я заўсёды кажу прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай давядзецца ўстаць на абарону сваёй Радзімы? — пытаў ён. — Ці я, як галоўнакамандуючы, абыдуся толькі той структурай і сыстэмай, што створаная ва Ўзброеных Сілах і міліцыі? Не. Нам прыйдзецца раздаць кожнаму, перш за ўсё мужыку, ды і дзяўчыне, зброю, каб абараніць... добра, не Радзіму, а сябе і сваю сям'ю, сваіх дзяцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я тады лучшэ здамся ў плен» — Саўка ды Грышка пра раздачу зброіСустрэчу з БРСМ у Палацы Незалежнасьці ён назваў «сьведчаньнем таго, што тыя юнакі, якія яшчэ ня сталі на ногі, не дарэмна гінулі на франтах Вялікай айчыннай вайны» — дзякуючы тым загінулым, казаў ён, удалося збудаваць незалежную Беларусь.
Лукашэнка нагадаў, што лічыць праўладную моладзевую арганізацыю грамадзянскай супольнасьцю, і дадаў, што працягвае так лічыць, «хоць пэўнымі коламі прынята адносіць да гэтай катэгорыі толькі тыя арганізацыі, якія ваююць супраць дзяржавы».
«Вашая задача — ня даць шанцу нават на спробу выкарыстоўваць ваш розум, інтэлект і энэргію ў разбуральных мэтах, — казаў Лукашэнка чальцам БРСМ. — Вы стваральнікі, павінны імі быць. Гэта ваш генэтычны код, калі хочаце. Прыродай і спадчыннасьцю ў кожным з вас першапачаткова закладзеная вялікая ўнутраная сіла дабра. І мы, славяне, гэтым ад многіх адрозьніваемся».
Хто менавіта хоча выкарыстаць БРСМ у дэструктыўных мэтах, ён не ўдакладніў.
Адна з удзельніц сустрэчы прапанавала ў час перапісу насельніцтва раздаць усім дзяржаўныя сьцягі, каб афіцыйная сымболіка была «ў кожным доме». Лукашэнка падтрымаў ідэю.
Нягледзячы на тое, што БРСМ з новым кіраўніком задумаўся пра рэбрэндынг без «камсамолу», арганізацыя выконвае пастанову ўраду аб сьвяткаваньні 100-годзьдзя камсамолу, у тым ліку з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Праўда, адзначаецца дата ўтварэньня расейскага камсамолу — беларускі быў створаны толькі 24 верасьня 1920-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юбілей якога камсамолу сьвяткуюць у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БРСМ параўнаў расстрэлы 1937 году зь перадачамі РЕН-ТВ. Пасьля выбачаўся***
БРСМ — праўладная арганізацыя, якая фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту. Аляксандар Лукашэнка прылічвае БРСМ да грамадзянскай супольнасьці.
Арганізацыя была ўтвораная ў 2002 годзе праз аб’яднаньне «Беларускага саюзу моладзі» і «Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі», БРСМ лічыць сябе пераемнікам савецкага камсамолу і актыўна падтрымлівае палітыку дзейных уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Утойваюць, каб не было скандалу». Функцыянэр БРСМ і экспэрт пра мільёны для праўладнай моладзіПаводле самой арганізацыі, у яе ўваходзяць 477,5 тысячы чалавек (у тым ліку 16,2 тысячы ў «моладзевых атрадах аховы парадку»), але шмат беларусаў заяўлялі аб прымусовым або тайным запісе ў БРСМ. Генпракуратура сёлета злавіла БРСМ на «прыпісках» у студэнцкіх працоўных атрадах.
31-гадовы Дзьмітры Варанюк узначаліў БРСМ у траўні 2018 году. Папярэдні кіраўнік арганізацыі Андрэй Белякоў быў звольнены, паводле неафіцыйнай інфармацыі, за «правал у працы». Белякоў застаецца сябрам Савету Рэспублікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар ПВТ, вязень калёніі, лідэр прафсаюзаў… Што стала з былымі кіраўнікамі БРСМ