У Беларусі маштабна адзначаюць сотыя ўгодкі заснаваньня камсамолу, савецкага моладзевага саюзу, які выконваў функцыі камуністычнага арганізатара моладзі. Камсамольцамі ў СССР прымушалі быць усіх маладых людзей 14–28 гадоў. Але часам іх выключалі з гэтага саюзу — за злачынствы, «нацыяналізм», антысавецкія ўчынкі і выказваньні, «амаралку» і п’янства.
Свабода сабрала 5 гісторыяў адлічэньня з камсамолу ды іншых пакараньняў, сярод якіх дзьве завершыліся параўнальна добра, адна была нават вясёлая, а адна прывяла да трагедыі.
За ліст у абарону беларускай мовы і сувязь з «нацыяналістамі»
У адрозьненьне ад 30-х гадоў, у 60-я ды пазьней выключэньняў з камсамолу з палітычных прычын было няшмат, але пагроза гэтага заўсёды заставалася.
У кастрычніку 1968 году больш за 200 студэнтаў філялягічнага факультэту БДУ падпісалі ліст у ЦК КПБ, у якім выказалі пажаданьне, каб асноўныя прадметы на факультэце выкладаліся па-беларуску. Студэнтаў абурала, што нават гісторыю Беларусі ім чыталі па-расейску. Аўтарамі ліста і арганізатарамі збору подпісаў былі студэнты Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ. Алесь Разанаў і Віктар Ярац цяпер вядомыя беларускія паэты, а тады толькі пачыналі шлях у літаратуру.
Калі іхны ліст дайшоў да партыйных чыноўнікаў, хлопцаў пачалі цягаць па кабінэтах, у тым ліку выклікалі ва ўнівэрсытэцкі камітэт камсамолу, дзе пагражалі выключэньнем.
«Мяне ж напярэдадні выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі курсу — а тут такое. Гэта рух такі быў у людзях», — згадвае настроі, якія падштурхнулі іх да дзеяньняў, Алесь Разанаў.
Заканчваўся 1968 год. «Праскую вясну» два месяцы як здушылі, пасадзілі за краты нешматлікіх савецкіх дысыдэнтаў, у тым ліку менчука Міхаіла Кукабаку, якія выказвалі салідарнасьць з чэскімі паўстанцамі. Так, савецкая ўлада працягвала пільна сачыць за настроямі ў грамадзтве. Але і яно зьмянілася. Студэнтаў падтрымалі выкладчыкі філфаку паэт Ніл Гілевіч, крытыкі Алег Лойка і Дзьмітры Бугаёў.
Паводле ўспамінаў Віктара Ярца, славуты пісьменьнік Уладзімер Караткевіч раіў: «Ня слухайце ніякіх дурняў, ідзіце сваёй дарогай». Але ліст студэнтаў філфаку ў абарону роднай мовы здаўся партыйным чыноўнікам і камсамольскім актывістам «ідэалягічнай дывэрсіяй».
Падлілі алею ў агонь і кантакты аўтараў ліста зь беларускімі дысыдэнтамі.
«Відаць, за намі сачылі, магчыма, нехта з нашых студэнтаў», — успамінае Алесь Разанаў пра тое, як яны езьдзілі ў Зэльву да апальнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
У выніку рэктару БДУ загадалі адлічыць «зачыншчыкаў змовы». Але да гэтага не дайшло. З камсамолу таксама ня выключылі.
Заступіўся Максім Танк
Паэт і літаратурны крытык Віктар Ярац, які цяпер выкладае ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце, кажа, што дапамагло заступніцтва народнага пісьменьніка Максіма Танка, які тады быў старшынём Вярхоўнага Савету БССР. Да таго ж, на думку Віктара Ярца, спрацавала салідарнасьць беларускіх літаратараў і людзей прагрэсіўнай думкі.
«Нас ужо былі сабраліся адлічаць. Прыкладам, мне не паставілі залік па зьбіраньні-разьбіраньні аўтамата Калашнікава. Рыхтавалі да адлічэньня і Алеся. Але тут Разанава выклікалі ў рэктарат, каб напісаў заяву аб пераводзе ў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Там яму дапамог вядомы крытык Уладзімер Калесьнік. А за мяне Максім Танк асабіста званіў міністру Мінкевічу, каб далі перавесьціся ў Гомель. Пабадзяўся я недзе тры месяцы і там аднавіўся ў пэдынстытуце, які праз год стаў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэтам. Жартую цяпер, што гэта праз мой пераезд і адбылося».
За адкрыты ліст у ЦК КПБ камсамольцы Алесь Разанаў і Віктар Ярац усё ж атрымалі строгія вымовы. Для Віктара Ярца гэтая вымова пазьней адгукнецца паніжэньнем на вайсковай службе.
«Як скончыў Гомельскі ўнівэрсытэт, дык забралі ў войска. Служыў у Закаўказьзі, у Грузіі, быў сакратаром камітэту камсамолу часткі, выбіраўся дэлегатам зьезду камсамолу Грузіі, на якім выступаў Эдуард Шэварднадзэ, будучы грузінскі прэзыдэнт. А я ж пісаў артыкулы ў газэты, дык мяне ўжо хацелі браць у рэдакцыю акружной газэты. Але раптам органы прасачылі, што ў мяне па камсамольскай лініі вымова за нацыяналізм, дык далі адбой. Больш за тое, мяне тэрмінова перавялі з-пад Тбілісі, дзе служыў, у Азэрбайджан, пад Кіравабад, цяпер Гянджа. Там ужо служыў звычайным шарагоўцам і ніякім не сакратаром камітэту камсамолу роты».
2. За заклік скараціць навучаньне па курсе «Гісторыя КПСС»
У ліпені 1984 году з акна цэнтральнага корпуса БДУ, з апошняга паверху, выскачыў і разьбіўся на сьмерць былы студэнт аддзяленьня філязофіі гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту Алег Малашчук. Перад гэтым ён спрабаваў аднавіцца на вучобе ў БДУ, але марна. Паводле сабраных зьвестак, у той дзень малады чалавек чытаў газэты ўва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы, потым выйшаў у хол, склаў асабістыя рэчы і швэдар на падаконьніку, напісаў па-беларуску разьвітальную запіску і скокнуў уніз.
«Добры хлопец быў, з ідэаламі... Начытаны такі, з жывым розумам. Ён быў дыялектычны і мог на грунце нейкіх розных ведаў выводзіць новыя свае. Творчы быў і вельмі гэтым быў цікавы, і вельмі нечаканыя мог рабіць высновы з таго, што мы разам чулі ці разам бачылі. Але яму не было дзе прымяніцца. Трошкі ня ў свой час выскачыў са сваімі ідэаламі. І аб гэта ён і разьбіўся», — казаў газэце «Новы час» пра Алега Малашчука ягоны аднакурсьнік і сябар Алесь Камоцкі, вядомы музыка. Калі цяпер я набраў тэлефон Алеся Камоцкага, ён ня стаў нічога дадаваць да сказанага. «Не хачу варушыць, бо балюча».
Трагічны фінал
Трыма гадамі раней студэнта 2-га курсу Алега Малашчука разам з аднакурсьніцай Інай Войцкай выключылі з камсамолу і адлічылі з БДУ пасьля напісаньня калектыўнага звароту з шэрагам патрабаваньняў да кіраўніцтва факультэту і БДУ. Пераважна студэнты прасілі разьвязаць бытавыя праблемы ды палепшыць расклад заняткаў, але былі сярод патрабаваньняў і «палітычныя». У прыватнасьці, хацелі большага самакіраваньня ды прасілі скараціць колькасьць гадзін у курсе «Гісторыя КПСС».
Зварот падпісалі некалькі дзясяткаў студэнтаў — удзельнікаў камсамольскага сходу, але «крайнімі» зрабілі Алега Малашчука, Іну Войцкую, ейнага мужа, студэнта 4 курсу Валера Залатара, які дапамагаў складаць зварот, ды яшчэ аднаго чацьвёртакурсьніка Леаніда Сьвярдлова. Выдатніку Сьвярдлову ўрэшце пашанцавала, праз скаргу ў ЦК ЛКСМБ ён дамогся замены выключэньня з камсамолу на строгую вымову з занясеньнем, але астатніх выключылі з ЛКСМБ і адлічылі з унівэрсытэту.
Далейшы лёс Алега Малашчука склаўся драматычна. Яго забралі ў войска, але непрыстасаваны да службы хлопец уцёк з вайсковай часткі, яго затрымалі і прысудзілі яму 2 гады дысцыплінарнага батальёну. Калі вярнуўся з войска, паспрабаваў аднавіцца на вучобе ў БДУ, зноў на філязофскім аддзяленьні. Але спачатку яму адмовіла дэкан гістфаку Іраіда Царук, потым — рэктарат.
Бацькі Алега Малашчука, які быў родам з Кобрыні, патрабавалі распачаць крымінальную справу аб давядзеньні да самагубства, але ім адмовілі.
Напярэдадні камсамольскага юбілею я пазваніў былому сябру камітэту камсамола БДУ, які дакладна працаваў у час, калі выключалі з камсамолу Алега Малашчука. На пытаньне, ці памятае ён такую гісторыю, суразмоўца адказаў, што ня памятае.
3. За парушэньні «ўнутрысаюзнай дысцыпліны»
Паводле камсамольскай статыстыкі, зь якой можна пазнаёміцца ў інтэрнэце, часьцей за ўсё з камсамолу выключалі за парушэньні так званай «ўнутрысаюзнай дысцыпліны». Што пад гэтым мелася на ўвазе, патлумачыў Свабодзе былы сакратар Менскага абкаму камсамолу Ўладзімер П.
«Камсамол, як кожная арганізацыя, меў статут, і там было запісана пра абавязак плаціць грашовыя ўнёскі з заробкаў, нават са стыпэндыяў. Дык вось у 80-х іх ужо часта не плацілі, і даводзілася з гэтым змагацца. А ўсе камсамольцы альбо недзе вучыліся, альбо служылі ў войску, альбо працавалі. Скончыў ВНУ, прыехаў на працу — а там ня стаў на ўлік і ня плаціць унёскі. Разьбіраемся. Або звольніўся з адной працы, а на другой ня стаў на ўлік. Тое самае. Некаторых выключалі, прычым часта „аўтаматам“, бо чалавек, асабліва калі набліжаўся да 28 гадоў, ужо проста не прыходзіў на сходы. Але бывалі і іншыя парушэньні. Прыкладам: дзьве работніцы менскага будаўнічага трэсту падалі заявы ў камсамол, іх прынялі. Ідзе час, праходзяць ужо месяцы, а яны па білеты ў райкам не прыходзяць. Мо што здарылася? Еду разьбірацца на месца».
«Уступілі, а камсамольскія білеты з райкаму не забіралі»
Далей былы сакратар расказаў, як знайшоў тады парушальніц статуту ў інтэрнаце, дачакаўся іх з працы і ў фае інтэрната доўга ўгаворваў забраць з райкаму свае камсамольскія білеты, інакш выключаць. А тыя ў адказ толькі сьмяяліся: «Калі ласка!»
«Тады ж якая была палітыка? Уся моладзь павінна быць ахоплена камсамолам. Але ідэйных былі адзінкі, толькі частцы гэта было патрэбна дзеля кар’еры, але большасьці, асабліва, як мы казалі, рабочай моладзі, камсамол увогуле быў „да лямпачкі“. Выдаляй такіх — яны толькі рады будуць, што адчэпяцца, а з нас жа спытаюць за страты колькаснага складу. Угаворваў-угаворваў, тады раптам кажуць: „Добра, застанёмся ў тваім камсамоле, калі пагодзісься з намі чайку папіць“. Карацей, бралі мяне „на слабо“ па мужчынскай лініі. Давялося ісьці зь імі ў пакой на чаёк, пасьля яшчэ вінца налілі...»
Дзякуючы намаганьням Уладзімера дзьве дзяўчыны засталіся ў камсамоле, які праз 10 гадоў усё роўна сканаў — самараспусьціўся на адмысловым, 30-м па ліку, зьезьдзе ў Маскве.
4. За злачынствы і дробныя парушэньні
Гэтую гісторыю расказаў Сяргей Вазьняк, беларускі журналіст, які на пачатку 1980-х гадоў навучаўся ў вайсковай вучэльні ў Сьвярдлоўску, цяпер Екацерынбургу. Сяргей быў камсоргам роты, і ў 1983 годзе яму давялося весьці камсамольскі сход, на якім аднаго з курсантаў, Юрыя Б., выключылі з камсамолу, пасьля чаго той быў адлічаны і з вучэльні.
Краў у сваіх
«За кражу выключылі. У сваіх жа сяброў па кішэнях грошы краў. Днявальны ўбачыў, як ён па кішэнях лазіў. Прычым быў ён з „блатных“, ягоны тата быў палкоўнікам, на нас кіраўніцтва вучэльні ціснула, каб не выключалі, што хопіць яму і вымовы, не ламайце лёс чалавеку. Але не саступілі. Як так: на манэўрах у адным намёце жылі, з аднаго кацялка кашу елі, а ён у сваіх крадзе? Гэта было на 3-м курсе. І да таго ў нас здаралася, што грошы зьнікалі, але за руку не маглі злавіць — і вось злавілі. На сходзе Юры прасіўся, каб не выключалі, кляўся, што больш ня будзе, але камсамольцы роты аднагалосна прагаласавалі за выключэньне. І ў той жа дзень яго адлічылі з вучэльні. Мы не шкадавалі, і крадзяжоў больш не было», — кажа Сяргей Вазьняк.
Як далей склаўся лёс Юрыя Б., Сяргей Вазьняк ня ведае.
«Зьехаў на радзіму, куды — дакладна ня памятаю, быў аднекуль з Расеі. Больш зь ім ніхто не кантактаваў. Але пад суд яго дакладна не аддавалі — проста выперлі».
Злачынствы былі на другім месцы па колькасьці сярод прычын выключэньня з камсамолу — каля 300 выпадкаў за год на сярэднестатыстычную вобласьць.
5. За «амаралку»
На пятым месцы ў рэйтынгу падстаў для выключэньня з камсамолу стаяла так званая «амаралка». Пад ёю меліся на ўвазе паводзіны, якія нараджалі гучныя скандалы, у тым ліку сэксуальныя.
Сяргей Вазьняк распавёў, як у 1987 годзе ён ледзьве ўратаваў ад выключэньня з камсамолу лейтэнанта, які пакахаўся з замужняй грамадзянкай ГДР (Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі).
«Пакахаўся зь немкай і пабіўся зь ейным мужам»
«Было гэта ў Гердэлегене, непадалёк ад мяжы з ФРГ, дзе стаяла наша частка. Я тады ўжо быў памочнікам начальніка палітаддзелу часткі па камсамоле. І вось мне паведамляюць, што лейтэнант, камандзір узводу выведнікаў, зьвязаўся зь немкай, якая была замужам. Скандал, бо муж гэтай немкі даведаўся пра іх сувязь, учыніў дэбош, яны з гэтым лейтэнантам пабіліся».
Сяргея Вазьняка ягоны непасрэдны камандзір, начальнік палітаддзелу, паслаў у вайсковую частку з загадам арганізаваць камсамольскі сход і выключыць лейтэнанта з камсамолу. Здавалася б, звычайная місія. Але нешта пайшло не як заўсёды.
«Прыяжджаю ў полк. Сядзіць у штабе гэты лейтэнант, зусім малады, 22–23 гады, а вакол яго вірам ходзяць палкоўнікі. Асабісты лямантуюць: як так, ледзь ня здраднік, да немкі перабег, а тут жа ворагі побач зь мяжой! Карацей, лейтэнант ужо зьнішчаны, яго зламалі. Пагаварыў пра яго, а ён добры афіцэр, добры камандзір, сам не жанаты. Тут так, зьвязаўся з гэтай немкай, сэкс і ўсё такое. Але хіба за гэта выключаць?
Вяртаюся ў палітаддзел і кажу начальніку: „Давайце яго пакараем, вымову дамо, але навошта выключаць? Што такое — лейтэнанта выключыць з камсамолу? Ён ужо ніколі ня стане камандзірам роты, у акадэмію не паступіць, у партыю таксама ня возьмуць. Крыж на кар’еры“. І ўгаварыў. Камсамольцы на сходзе са мной пагадзіліся, ніхто нават слова дрэннага пра „ляцёху“ не сказаў, наадварот.
У выніку далі яму строгую вымову з занясеньнем і закрылі справу. Толькі мне пасьля гэтага начальнік палітаддзелу сказаў, што я не камуніст, а сацыял-дэмакрат, а тады гэта лічылася самай цяжкай палітычнай зьнявагай».