Перамовы ішлі некалькі гадоў.
Сёньня ў Гомлі прадстаўнікі Беларусі і Ўкраіны падпісалі пагадненьне аб рэадмісіі.
У ім вызначаныя ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхнюю тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй.
Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадуць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне.
«Падпісаньне пагадненьня аб рэадмісіі дазволіць пераадолець нэгатыўныя наступствы, якія стварае незаконная міграцыя, і павялічыць эфэктыўнасьць супрацы ў барацьбе з гэтай зьявай», — адзначыў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нічога не патлумачылі, але выбачыліся», — украінскі выдавец пра сваё затрыманьне ў МенскуПагадненьне прадугледжвае спрошчаную працэдуру дэпартацыі грамадзян, якія парушаюць закон у краіне знаходжаньня.
Патрэбу ў гэтым пагадненьні актуалізавалі падзеі на ўсходзе Ўкраіны: жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей зьяжджалі ад вайны ў Беларусь, а беларускія грамадзяне — ва Ўкраіну, дапамагаць адстойваць тэрытарыяльную цэласнасьць. Пагадненьне можа закрануць абедзьве гэтыя катэгорыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкуем стварыць псыхоз». Макей запэўнівае ўкраінцаў, што ў Беларусі ім цалкам бясьпечнаШто праўда, прэсавы сакратар Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Сяргей Гунько выключыў верагоднасьць дэпартацыі беларускіх добраахвотнікаў:
«Такое пагадненьне — звычайная міжнародная практыка для краін, якія маюць узаемную міграцыю. Беларускіх добраахвотнікаў гэта не закране. Калі яны маюць кантракт з Узброенымі сіламі, то іхны вайсковы квіток ёсьць падставай для легальнага знаходжаньня ва Ўкраіне. Мне невядомы ніводзін выпадак, калі б з Украіны быў дэпартаваны замежнік, які браў удзел у баявых дзеяньнях на Данбасе».
У рамках першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, які сёньня завяршыў сваю працу ў Гомлі пры ўдзеле прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі, падпісаныя таксама дакумэнты аб супрацы ў галіне турызму і плян кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка — Парашэнку: «Гомель нічым не адрозьніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка расказаў, як хацеў «адчыніць вароты Эўропы для Беларусі»