Першы сакратар БРСМ Дзьмітры Варанюк у камэнтарах пад пастом у афіцыйнай суполцы арганізацыі ва «Укантакце» параўнаў расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка зь перадачамі тэлеканалу РЕН-ТВ. І назваў гэты дзень сьвяточным.
У размове са Свабодай Варанюк патлумачыў, што ў арганізацыі 29 кастрычніка будзе сьвяточным днём у гонар 100-годзьдзя камсамолу. Але дадаў, што сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі сапраўды былі.
«Часам гістарычныя факты, пра якія мы кажам, ператвараюцца ў разнастайныя спэкуляцыі і ілжывыя паведамленьні, часам нават ствараюцца міты», — патлумачыў сваю пазыцыю Варанюк.
Ён дадаў, што лічыць 29 кастрычніка жалобнай датай для шматлікіх людзей, якіх закранулі рэпрэсіі. Гэтую тэму, паводле яго, ня трэба палітызаваць і выдзіраць словы з кантэксту.
Пазьней Дзьмітры Варанюк зьмясьціў у сваім профілі «ВКонтакте» прабачэньне перад тымі, «чые лёсы закранулі падзеі масавых расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі».
Акцыі да 100-годзьдзя ВЛКСМ трываюць ад 22 кастрычніка, працягнуцца да 30-га. У некаторых ВНУ імпрэзы заплянаваныя на кожны дзень. Беларускія студэнты паскардзіліся, што іх заганяюць прымаць удзел ва ўрачыстасьцях.
За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.
28-29 кастрычніка і 4 лістапада беларускія палітыкі правядуць шэраг мэмарыяльных акцыяў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5